Фестываль інтэлектуальнай кнігі

З’явіўся новы сайт пра беларускую літаратуру Bellit.info

1 min read
Bellit.info – новы літаратурны сайт, які ставіць амбітную задачу – сабраць “усё пра беларускую літаратуру”.
Рэсурс паўстаў з ініцыятывы Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў і будзе змяшчаць актуальную інфармацыю пра падзеі ў літаратурным свеце, фармаваць віртуальную энцыклапедыю беларускай літаратуры.
Аўтары праекту бачаць сваю місію так: “Пішам пра літаратуру ў Беларусі і па-за яе межамі, паведамляем пра навінкі выдавецтваў, акумулюем наяўную інфармацыю пра беларускіх літаратараў безадносна ўзросту і часу нараджэння, мовы і стылю пісьма (біяграфістыку, некрапалістыку, архіўныя дадзеныя), збіраем звесткі пра літаратурную перыёдыку, выдавецтвы, анлайн-праекты, у тым ліку аўдыёвізуальныя, і базу экранізацый літаратурных твораў. Усе гэтыя бакі літаратурнага жыцця будуць адлюстроўвацца ў адпаведных раздзелах: “Персаналіі”, “Бібліятэка”, “Медыя”, “Аўдыё”, “Відэа”, “Архіў”, “Некропаль”. Безумоўна, мы будзем гаварыць і пра літаратуру іншых краін, каб мець магчымасць разглядаць беларускае слова ў шырэйшай перспектыве, але найперш прысвяцім нашу працу сваёй літаратуры.”
Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў — недзяржаўная некамерцыйная арганізацыя, заснаваная ў 2022 годзе ў Вільні (Літва). Мэты арганізацыі — пашырэнне прасторы беларускай літаратуры ў свеце, інфармаванне беларускіх літаратараў і грамадскасці, абарона аўтарскага права, арганізацыя літаратурных мерапрыемстваў, адукацыйных праектаў у сферы літаратуры і літаратуразнаўства як у Беларусі, так і па-за яе межамі. Арганізацыя паўстала з ініцыятывы пісьменніка і перакладчыка Дзмітрыя Плакса.

Leave a Reply