Фестываль інтэлектуальнай кнігі

PRADMOVA ва Уроцлаве 2-4 кастрычніка 2026: праграма

1 min read

Генеральныя партнёры фестывалю PRADMOVA 2026 ва Уроцлаве – The German Marshall Fund of The United States і Ossolineum. Партнёры фестывалю: выдавецтва KEW, “Мова Нанова Уроцлаў“.

Інфапартнёры: Reform.news, Bellit.info.


Кніжны кірмаш будзе на Пляцоўцы Б (Ossolineum, ul. Szewska 37), там будуць прадстаўленыя выдавецтвы Gutenberg, RozUm Media, Kamunikat, “Мяне Няма”, “Полацкія лабірынты”, “Логвінаў”, Vesna, hochroth Minsk, “Янушкевіч”, Margenta, “Этнатрадыцыя”, Skaryna Press.

Уваход на ўсе імпрэзы фестывалю вольны.


2 кастрычніка 2026 года, пятніца

ПЛЯЦОЎКА А, Ossolineum (pl. Nankiera 17)

17.00-17.20 – адкрыццё фестывалю.

17.20-18.50 – дыскусія “Ці магчымы раман з Польшчай? Беларускія аўтары і іх перакладчыкі”. Размова з Альгердам Бахарэвічам, Уладзімірам Някляевым, Яаннай Бэрнатовіч і Богданам Кнопам. Прэзентацыя польскіх перакладаў раманаў “Гэй Бэн Гіном” і “Сабакі Еўропы”. Мадэратар Андрэй Хадановіч.

19.00-19.50 – “Блаславёныя крылы птахаў”: беларуска-польскі вечар іранічнай паэзіі. Прэзентацыя кніг “#Каб не ср@лі галубы” Змітра Дзядзенкі і “Вуліца шарлатанаў” Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага. Удзельнікі: Зміцер Дзядзенка, Андрэй Хадановіч.

20.00-21.00 – канцэрт Яўгена Барышнікава.

 

3 кастрычніка 2026 года, субота

ПЛЯЦОЎКА А, Ossolineum (pl. Nankiera 17)

12.00-12.50 – “Шляхамі нацыянальнага генія”: прэзентацыя новага выдання “Доўгай дарогі дадому” Васіля Быкава. Удзельнічаюць Уладзімір Арлоў, Яанна Бэрнатовіч. Мадэратар Яраслаў Іванюк.

Прэзентацыя новага выдання «Доўгай дарогі дадому» Васіля Быкава будзе прысвечаная адной з самых асабістых кніг пісьменніка — кнізе-споведзі, кнізе-памяці і кнізе-падсумаванню. Быкаў вядзе чытача ад дзяцінства на Віцебшчыне праз вайну і раненні, пасляваенную службу, жыццё ў Гародні і літаратурнае станаўленне — да сутыкненняў з савецкай сістэмай, распаду СССР і разваг пра Беларусь, мову, свабоду, памяць і адказнасць пісьменніка перад сваім часам. У размове возьмуць удзел Уладзімір Арлоў, пісьменнік, які добра ведаў Васіля Быкава асабіста, і Яанна Бэрнатовіч, перакладчыца «Доўгай дарогі дадому» на польскую мову. Арлоў раскажа пра Быкава не толькі як пра класіка беларускай літаратуры, але і як пра чалавека — уважлівага да дробязяў мінулага, бескампраміснага ў пытаннях сумлення і вернага ўласнаму разуменню Беларусі. Яанна Бэрнатовіч пакажа кнігу з перспектывы перакладчыцы: што ў мове і інтанацыі Быкава найбольш складана перанесці ў іншую культурную прастору і як захаваць у перакладзе яго дакладнасць, стрыманасць і адсутнасць ілюзій. У кантэксце тэмы PRADMOVA-2026 «Чужая Бацькаўшчына» асобная ўвага будзе звернутая на матыў вяртання: што для Быкава значыць «дадому», калі дарога да Бацькаўшчыны праходзіць не толькі праз геаграфію, але і праз памяць, мову, гістарычны досвед і асабістую адказнасць. Пасля сустрэчы аўдыторыя зможа ўбачыць у «Доўгай дарозе дадому» не толькі аўтабіяграфію вялікага пісьменніка, але і важнае сведчанне беларускай гісторыі ХХ стагоддзя — гісторыі, расказанай чалавекам, які сам прайшоў праз яе галоўныя драматычныя зломы.

13.00-13.50 – “Паводле Брэдберы”. Прэзентацыя раманаў Рэя Брэдберы “Віно з дзьмухаўцоў”, “Марсіянскія хронікі” і “451⁰ паводле Фарэнгейта”. Удзельнічаюць Наста Карнацкая і Уладзімер Арлоў. Мадэратар Андрэй Янушкевіч.

14.00 -14.50 – “Як напісаць справу?” – сустрэча з аўтаркай кнігі  “Справа Віктара Бабарыкі” Сабінай Брыло і Віктарам Бабарыкам. Мадэратарка Таццяна Нядбай.

Як напісаць кнігу пра судовую справу, калі за сухой мовай пратаколаў, абвінавачанняў і прысудаў стаяць жывыя людзі, палітычныя рашэнні і гісторыя краіны? Размова з Сабінай Брыло пра тое, як стваралася кніга «Справа Віктара Бабарыкі»: з якіх крыніц складаецца такая гісторыя, як аддзяліць факты ад версій і прапаганды, што застаецца па-за афіцыйнымі дакументамі і як адна канкрэтная справа дазваляе ўбачыць механізм палітычнага пераследу. Ці можа аўтар захаваць дыстанцыю, калі піша пра падзеі, якія яшчэ не сталі мінулым? Дзе праходзіць мяжа паміж дакументам, журналісцкім даследаваннем і літаратурай сведчання? І навошта ператвараць судовую справу ў кнігу? Што можа захаваць кніга з таго, што ўлады хацелі б пакінуць толькі ў матэрыялах следства, судовых тамах і афіцыйнай версіі гісторыі? «Справа Віктара Бабарыкі» – нагода пагаварыць не толькі пра адну з самых вядомых палітычных спраў Беларусі, але і пра тое, як дакументаваць гісторыю, пакуль яна яшчэ адбываецца.

14.50-16.00 – Літаратура ўзмоцненага рэжыму. Прэзентацыя кнігі “Каланісты” Максіма Знака. Мадэратарка Таццяна Нядбай. Музычны выступ Максіма Знака.

Размова пра «Каланістаў» і пра тое, як літаратура ўзнікае ў прасторы, дзе жыццё падпарадкаванае рэжыму – распарадку, забаронам, кантролю і ізаляцыі. Што адбываецца з пісьменнікам, калі пісаць даводзіцца там, дзе амаль нічога нельга выбіраць самому? Навошта пісаць за кратамі – каб зафіксаваць рэальнасць, захаваць сябе, размаўляць са светам ці стварыць уласную тэрыторыю свабоды? Як рэальныя людзі і падзеі ператвараюцца ў літаратурных герояў і сюжэты? Дзе заканчваецца сведчанне і пачынаецца мастацкі тэкст? І ці павінен чытач увесь час памятаць, у якіх умовах была напісаная кніга, – ці літаратура ўрэшце мусіць аддзяліцца ад біяграфіі аўтара? Чаму ў тэкстах, народжаных у несвабодзе, знаходзіцца месца іроніі і гумару? І ці не становіцца літаратура своеасаблівым спосабам парушыць «рэжым» – захаваць права самому называць рэчы, расказваць гісторыі і вызначаць межы ўласнага свету? «Літаратура ўзмоцненага рэжыму» – прэзентацыя «Каланістаў» і размова з Максімам Знакам пра тое, як несвабода становіцца літаратурным матэрыялам, але не атрымлівае апошняга слова.

16.00-16.50 – Эміграцыя і свабода: Ян Новак-Езяраньскі, Ежы Гедройць і сучасныя выклікі “Роднай Еўропы”. З Лаўрынасам Вайчунасам, Паўлам Баркоўскім, Аляксеем Дзікавіцкім размаўляе Андрэй Хадановіч.

17.00-17.50 – “Падземныя пераходы”: прэзентацыя кнігі і размова з аўтарам Альгердам Бахарэвічам, рэдактарам Сяргеем Шупам і літаратуразнаўцай Марынай Казлоўскай.

18.00-19.20 – дыскусія “Зноў пра турму? Галасы з-за кратаў…”. Удзельнікі: Максім Знак, Віктар Бабарыка. Мадэратары: Таццяна Нядбай, Павел Лягчылаў.

Размова пра новы феномен беларускай літаратуры — кнігі, народжаныя ў турмах. Чаму іх становіцца ўсё больш? Што даюць гэтыя тэксты аўтарам, чытачам і грамадзтву? Ці ўсе турэмныя кнігі падобныя паміж сабой, ці кожная адкрывае ўласны погляд на досьвед зьняволеньня? Чым адрозьніваюцца тэксты, напісаныя ў СІЗА і ў калёніях? І ці здольная літаратура стаць формай супраціву, якая перажывае нават турэмныя муры?

19.30-20.50 – “Ноч паэзіі і музыкі”. Удзельнічаюць Валянціна Аксак, Уладзімер Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Сабіна Брыло, Кацярына Ваданосава, Ігар Кулікоў, Уладзь Лянкевіч, Таццяна Нядбай, Уладзімір Някляеў, Андрэй Хадановіч, а таксама Ілля Сіўцоў з песнямі з альбома “Вершы” на словы Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Дубоўкі, Тодара Кляшторнага і Янкі Купалы.

ПЛЯЦОЎКА Б, Ossolineum (ul. Szewska 37) 

11.00-11.40 – “Як кніга можа выклікаць скандал?”. Дыскусія з нагоды юбілейнага перавыдання кнігі “Краткая история премии Г.”. Удзельнікі: Павел Анціпаў, Тамаш Мінчонак.

У лістападзе 2019-га Паўла Анціпава выключылі з Беларускага ПЭН-цэнтра. Паводле аўтара, прычынай стала ягоная кніга «Краткая история премии Г.», хоць фармальнай падставай для выключэння былі названыя іншыя парушэнні. Аўтар кнігі Павел Анціпаў і эсэіст ды аўтар прадмовы да перавыдання Тамаш Мінчонак паразважаюць пра тое, як успрымаць тэкст, калі замінае кантэкст. Таксама пашукаюць адказы на пытанні: Чаму «Краткая история премии Г.» выклікала скандал? Чаму яна мае мастацкую вартасць па-за абставінамі ейнага стварэння і якую цікаўнасць уяўляе з пункту гледжання крытыка? І што новага яна прыўносіць у нашае разуменьне літаратуры.

11.40-12.20 – “Кніжныя вокладкі “Мяне Няма“: як гэта робіцца? Расказваюць Ігар Юхневіч і Аляксандр Пажытак. Мадэратар: Цімур Кудзеліч.

Што адбываецца з кнігай паміж рукапісам і паліцай кнігарні? Як ствараецца вокладка, хто прымае асноўныя рашэнні і як ператварыць тэкст у візуальны вобраз? Дызайнеры «Мяне Няма» раскажуць пра працу з тыпаграфікай, выявай, колерам і кампазіцыяй, а таксама пра тое, як вокладка ўплывае на успрыманне кнігі яшчэ да таго, як чытач яе разгарне.

12.20-13.00 – Наталка Хвоя “Тры кроплi з адной крынiцы”. Прэзентацыя новай кнігі вершаў.

13.10-14.00 – дыскусія вакол кнігі архіва VEHA “Руіны Беларусі”. Мадэратарка Леся Пчолка.

Руіны Беларусі – прэзентацыя даследчага праекта архіва VEHA, прысвечанага фатаграфіі як дакументу часу, які захоўвае памяць пра спадчыну Беларусі. Праект аб’ядноўвае візуальнае даследаванне, стварэнне корпуса тэкстаў пра абʼекты архітэктуры, а таксама мастацкія спробы апісаць культурны ландшафт, што існуе ва ўмовах перманентнага разбурэння. Прадстаўнікі праекту «Руіны Беларусі» раскажуць пра метадалогію працы, на што варта звярнуць увагу ў першым томе кнігі. Удзельнікі сустрэчы даведаюцца, як даследаванне вернакулярнай фатаграфіі дазваляе перанесці фокус з вертыкальнага, афіцыйнага апісання гісторыі на гарызантальную перспектыву, у цэнтры якой знаходзяцца асабістыя гісторыі і досвед супольнасцяў. Асобная ўвага будзе нададзена таму, як архіў VEHA збірае, каталагізуе і захоўвае фотаматэрыялы. Прэзентацыя будзе цікавая ўсім, хто цікавіцца беларускай культурай, архітэктурнай спадчынай, візуальнымі даследаваннямі і працай з архівамі.

14.10-14.50 – “Постфікшн ад Марка Шагала? Як чытаць «Сваё»?”. Сяргей Шупа, Павел Анціпаў.

Марк Шагал – не толькі модная налепка, а ягоная кніжка – не толькі здранцвелы артэфакт эпохі і аўтабіяграфічная цудылка. «Сваё» чытаецца актуальна і сёння. У час сусветнай вайны, сцежкамі эміграцыі Шагал перазбіраў сябе і шукаў новыя магчымасці выказвання. Атрымаўся сапраўдны постфікшн – ідэальны для партфеля Мяне Няма.

15.00-15.50 – “Радыё Жбанкоў. Прэзентацыя новай кнігі “ШокінгКульт. Кніга перамен”. Удзельнічаюць Максім Жбанкоў, Дар’я Сітнікава.

“Бла-бла-бла ды ча-ча-ча. ШокінгКульт On Air!” Культурны актывіст, нязломны стэндапер і бранебойны калумніст Максім Жбанкоў агучыць тэксты са сваёй новай кніжкі пра жыццё на скразняках, рух скрозь зламаны час ды ракенрольны кураж напалам з непапраўнай прыгажосцю перманентнага трындзеца. Фармат “жывога радыё” спалучае аўтарскую чытанку з абсурдысцкім саўндтрэкам глабальнага пірацкага вяшчання. Энергетыка непадробная. Наступствы непрадказальныя.

16.10-17.00 – “Сымона дэ Бавуар і Беларусь: пра беларускую бавуараведу і першы пераклад твора пісьменніцы на беларускую мову”. Расказваюць Уладзіслаў Гарбацкі і Ігар Іваноў.

У выступе будзе разгледжаная гісторыя рэцэпцыі творчасьці Сымоны дэ Бавуар у Беларусі — ад першых згадкаў і дасьледаваньняў да першага выхаду яе твору ў беларускім перакладзе, які адбыўся толькі ў 2026 годзе ў выдавецтве «Скарына». Асобная ўвага будзе нададзеная станаўленьню беларускай бавуараведы, асноўным кірункам асэнсаваньня спадчыны францускай пісьменьніцы і філёзафкі, а таксама культурнаму й інтэлектуальнаму кантэксту, у якім творчасьць дэ Бавуар адкрывалася беларускім чытачам — дасюль пераважна не па-беларуску. Прэзэнтацыя-размова з удзелам перакладніка аповесьці Сымоны дэ Бавуар «Вельмі лагодная сьмерць», аўтара эсэ «Сымона дэ Бавуар і Беларусь» і выдаўца, зьвязаныя з выхадам гэтых кнігаў у выдавецтве «Скарына», сфакусуецца як на гэтых дзьвюх кніжных навінках, так і на праблемах і пэрспэктывах беларускай бавуараведы. Размова таксама закране пытаньні перакладу, культурнай рэцэпцыі й таго, чаму Сымона дэ Бавуар дагэтуль застаецца недастаткова асэнсаванай у беларускім культурным кантэксьце.

 

4 кастрычніка 2026 года, нядзеля

ПЛЯЦОЎКА А, Ossolineum (pl. Nankiera 17)

12.00-12.50 – “Зямля пад шэрымі крыламі”: прэзентацыя новай кнігі Віктара Шадурскага. Размова з аўтарам, мадэратар Яраслаў Іванюк.

Прэзентацыя манаграфіі прафесара Віктара Шадурскага «Зямля пад шэрымі крыламі. Рэспубліка Беларусь: суіснаванне і канфлікт аўтарытарнай улады і грамадзянскай супольнасці (лістапад 1996 — жнівень 2020 гг.)» будзе прысвечаная таму, як на працягу амаль чвэрці стагоддзя ў Беларусі ўмацоўвалася сістэма ўлады Аляксандра Лукашэнкі і як беларускае грамадства спрабавала ёй супрацьстаяць. Гэта другая, пасля «Нараджэння беларускага Левіяфана», частка даследавання Віктара Шадурскага пра фармаванне і развіццё беларускага аўтарытарызму. Таму напэўна не абыдзецца без знадак пра Беларусь: ад парламенцкай рэспублікі да аўтарытарнага рэжыму (1990–1996). Аўтар аналізуе перыяд ад канстытуцыйнага крызісу 1996 года да масавых пратэстаў жніўня 2020-га: ператварэнне выбараў у непразрысты механізм захавання ўлады, кансалідацыю адміністратыўнага і рэпрэсіўнага апарату, эвалюцыю сацыяльна-эканамічнай мадэлі і знешняй палітыкі, а таксама развіццё грамадзянскай супольнасці і яе спробы дэмакратычнай трансфармацыі краіны. Падчас сустрэчы з Віктарам Шадурскім размова пойдзе таксама пра тое, чаму рэжым здолеў перажыць шматлікія палітычныя крызісы, як стваралася сістэма, здольная задушыць пратэсты 2020 года, і ў які момант аўтарытарная мадэль пачала набываць рысы таталітарнай. У кантэксце тэмы PRADMOVA-2026 «Чужая Бацькаўшчына» гэта будзе таксама размова пра спробу зразумець краіну, якая для мільёнаў беларусаў застаецца Бацькаўшчынай, але палітычна становіцца ўсё больш чужой. Сустрэча дасць аўдыторыі паслядоўную карціну таго, як Беларусь прыйшла да жніўня 2020 года і чаму падзеі пасля яго не ўзніклі раптоўна, а былі вынікам шматгадовага развіцця палітычнай сістэмы.

13.00-13.50 – Дзмітрый Строцаў “Как выглядит смерть”. Аўтар чытае сваю паэму ў прозе і размаўляе з выдаўцом кнігі Паўлам Анціпавым.

У кнізе Дзмітрыя Строцава “Как выглядит смерть” ў храналагічнай паслядоўнасці – ад маленства да старэйшага школьнага ўзросту – расстаўлены падзеі з жыцця аўтара, падзеі выключнай сілы, у якіх ён дакранаўся да трагічнай рэальнасці, і якія яго незваротна мянялі. Тэмы вайны, смерці, гвалту прыходзяць раней усведамлення, уплятаюцца ў тканіну жыцця дзіцяці, мінскага хлопчыка, не чакаючы яго сталення. І, здаецца, толькі здзіўленая спагадлівасць свету дазваляе герою захоўваць давер і далікатную радасць у сэрцы.

14.00-15.00 – “Silva Rerum: ад сямейных рэцэптаў да вялікай гісторыі”: пра Крысціну Сабаляўскайце і яе кнігі па-беларуску. Расказваюць Сяргей Шупа і Марына Казлоўская.

Чатыры кнігі, чатыры пакаленні адной сям’і і амаль паўтара стагоддзя гісторыі — ад невядомай вайны да канца Рэчы Паспалітай. Як напісаць такі цыкл і зрабіць так, каб чытач не згубіўся сярод эпох, герояў і гістарычных падзей і з нецярпеннем чакаў працягу? На прыкладзе Silva Rerum Крысціны Сабаляўскайце пагаворым пра патэнцыял жанру сямейнай сагі. Чаму нам цікава сачыць не толькі за адным героем, але і за яго дзецьмі, унукамі і праўнукамі? Як сямейная памяць, спадчына, каханне, канфлікты, таямніцы і паўторныя сюжэты звязваюць паміж сабой розныя эпохі? І чаму вялікая гісторыя часам становіцца зразумелай толькі тады, калі ўваходзіць у асобны дом і змяняе жыццё канкрэтных людзей? Што можа прымусіць сённяшняга чалавека адарвацца ад рылсаў і засяродзіцца на рамане на тысячы старонак? Як напісаць такі раман? І як яго перакласці?

15.10-16.20 – “Як прысабечыць Месца або Культуру, калі ты падлетак?” Перакладныя кнігі для тых, хто (амаль) не чытае. Марына Дзергачова, Уладзь Лянкевіч.

Паразмаўляем пра тое, навошта перакладаць падлеткавую літаратуру, пра асаблівасці мовы юных і дзе браць узус, каб мова кнігі гучала для падлетка натуральна. У цэнтры ўвагі кнігі Зэйнаб Боладэл “Я заплятаю косы” і Мар’ям Петрасян “Дом, у якім…”

16.30-17.50 – “Што сапраўды Ітакі тыя значаць?”. Пра багоў вайны, “бронзавых хлопчыкаў” і вечнае вяртанне дадому, чарговую сусветную экранізацыю і першую беларускую “Адысею” пагаворым з перакладчыкам Лявонам Башчэўскім, пісьменнікам Уладзімерам Арловым і культуролагам Максімам Жбанковым. Мадэратар Андрэй Хадановіч.

Навошта перакладаць Гамера на беларускую мову сёння? Што адбываецца з мовай, калі яна бярэцца расказаць адну з найстарэйшых гісторый еўрапейскай літаратуры – і што адбываецца з «Адысеяй», калі яна пачынае гаварыць па-беларуску? Размова пра пераклад як літаратурную і культурную падзею: як перадаць па-беларуску рытм, вобразы і свет Гамера? Ці ёсць рэчы, якія беларуская мова дазваляе пачуць у старажытным тэксце па-новаму? І навошта нацыянальнай літаратуры ўласныя пераклады сусветнай класікі? Але «Адысея» – яшчэ і гісторыя чалавека, які доўгія гады не можа вярнуцца дадому. Што сёння значаць Ітака, выгнанне, дарога і вяртанне для беларусаў, тысячы якіх жывуць далёка ад сваёй краіны? Ці можна вярнуцца на радзіму праз мову і літаратуру, калі фізічнае вяртанне немагчыма? Лявон Баршчэўскі раскажа пра працу над беларускім Гамерам, а Уладзімір Арлоў і Андрэй Хадановіч паглядзяць на новую «Адысею» як пісьменнікі і паэты – на яе месца ў беларускай літаратуры, мове і сённяшнім досведзе выгнання. Максім Жбанкоў дасць оптыку сучаснай рэцэпцыі твора. «Вяртанне ў Ітаку» – размова пра Гамера і Беларусь, пераклад і мову, выгнанне і дом – і пра тое, чаму гісторыя вяртання, напісаная амаль тры тысячы гадоў таму, сёння можа гучаць па-беларуску надзвычай сучасна.

18.00-18.50 – Уладзімір Някляеў “Літвіны”. Прэзентацыя кнігі драматычных паэмаў і сустрэча з аўтарам. Акторскае чытанне Кацярыны Ваданосавай і Васіля Калача.

19.00-19.50 – “Вольга Такарчук па-беларуску: ці змяняецца кніга ў перакладзе і як?”. Размова пра беларускія пераклады раманаў “Правек і іншыя часы”, “Вядзі свой плуг праз косткі мёртвых” і “Кнігі Якуба”. З удзелам літаратурнай асістэнткі набелісткі Яны Карпенка.

Вольга Такарчук — адна з найбольш вядомых сучасных польскіх пісьменніц, аўтарка раманаў, якія прымушаюць па-новаму глядзець на навакольны свет, на прыроду чалавека і прыроду звера, на ідэнтычнасць і свядомасць, на гісторыю і памяць. Яе творы ўжо шмат гадоў гучаць таксама і па-беларуску. Як яе творчасць выглядае ў беларускім перакладзе? Што адбываецца з мовай і рытмам тэкстаў, са шматгалоссем герояў, калі яны пераходзяць з польскай у беларускую? І чаму менавіта творы Такарчук могуць быць асабліва важнымі для беларускага чытача? Пагаворым пра галоўныя тэмы і мастацкія прыёмы Вольгі Такарчук, пра беларускія пераклады яе кніг і пра тое, як літаратура, пераходзячы з адной мовы ў другую, можа адначасова губляць, набываць і адкрываць новыя сэнсы.

20.00-21.00 – “Беларускія калыханкі” з Сяргеем Доўгушавым. Прэзентацыя аднайменнай кнігі і майстар-клас ад музыкі.

ПЛЯЦОЎКА Б, Ossolineum (ul. Szewska 37)

11.00-11.50 – “Вяртанне Эльзы: ці можна вярнуць тое, што страчана?”. Прэзентацыя рамана Аляксея Дзікавіцкага. Мадэратар Яраслаў Іванюк.

Прэзентацыя рамана Аляксея Дзікавіцкага «Вяртанне Эльзы» будзе сканцэнтраваная найперш на яго сюжэце і галоўных тэмах — каханні, памяці, страчаным часе і спакусе пачаць жыццё нанова. Галоўны герой, Адам Шаламіцкі, беларус, які жыве ў Варшаве, нечакана зноў сустракаецца са сваёй былой аднакласніцай і першым каханнем Эльзай. Гэтая сустрэча ўцягвае яго ў гісторыю, што пачалася амаль сто гадоў таму: пошукі зніклага куфра з сямейнымі каштоўнасцямі, старая таямніца і заклён, які нібыта можа спыніць старэнне. Але чым далей герой ідзе за разгадкай, тым больш вымушаны разбірацца не толькі з чужым мінулым, але і з уласным жыццём, няздзейсненым каханнем і тым, што засталося ад яго сувязі з родным горадам. Падчас сустрэчы Аляксей Дзікавіцкі раскажа, як узнік сюжэт рамана, дзе ў ім заканчваецца асабісты досвед і пачынаецца мастацкая выдумка, чаму ў рэалістычны аповед увайшлі элементы містыкі, трылера і прыгодніцкай прозы. Размова пойдзе таксама пра галоўную спакусу кнігі — магчымасць захаваць маладосць — і пра тое, ці сапраўды чалавек хацеў бы вярнуць страчаны час, калі разам з ім давялося б вярнуць і свае ранейшыя выбары. Для аўдыторыі гэта будзе нагода паглядзець на «Вяртанне Эльзы» як на раман пра немагчымасць канчаткова развітацца з мінулым. Пра тое, што вяртаюцца не толькі людзі, але і юнацкія пачуцці, сямейныя таямніцы, родныя мясціны і пытанні, на якія чалавек калісьці не паспеў адказаць.

12.00-12.50 – “Сюжэт vs Аўтар: як прайграць з гонарам”. Паседжанне Кракаўскага пісьменніцкага клуба LITARALNA. Удзельнікі: Аліна Длатоўская, Яўген Анашкін.

На сустрэчы аўтары і аўтаркі, якія маюць досвед змагання з сюжэтамі, падзеляцца тым, як яны знаходзяць ідэі, закручваюць гісторыі, ствараюць напружанне і даводзяць чытача да фіналу. Пагаворым пра тое, што працуе на сюжэт, а што працуе супраць яго, і якія прыёмы дапамагаюць утрымліваць увагу чытача. Запрашаем да дыскусіі ўсіх, хто ўжо таксама змагаецца альбо толькі хоча змагацца.

13.00-13.50 – “Рэха дому – сугучнасць паэзіі і мастацтва”. Прэзентацыя кнігі вершаў Кацярыны Ваданосавай “Рэха дому” з ілюстрацыямі Аляксандры Канафальскай. Размова з аўтаркай і мастачкай, мадэратар Васіль Калач.

Прэзентацыя зборніка Кацярыны Ваданосавай «Рэха дому» з ілюстрацыямі Аляксандры Канафальскай стане размовай не толькі пра новую кнігу, але і пра тое, як адзін досвед можа быць перакладзены на розныя мастацкія мовы — слова, музыку, вобраз і пясочную анімацыю. Кацярына Ваданосава — спявачка, паэтка, мультыінструменталістка, тэлевядучая і даследчыца традыцыйнага беларускага касцюма. Вершы яна выдае рэдка, таму «Рэха дому» — толькі яе другая паэтычная кніга пасля «Міфатворчасці». Аляксандра Канафальская, адна з найбольш вядомых беларускіх майстроў пясочнай анімацыі, стварыла візуальны свет зборніка. Абедзве аўтаркі кнігі жывуць у вымушанай эміграцыі і ўжо шмат гадоў працуюць разам у супольных творчых праектах. Падчас сустрэчы яны раскажуць, як нараджалася «Рэха дому»: якія вершы сталі асновай кнігі, як паэтычны тэкст ператвараўся ў візуальны вобраз, што мастачка шукала ў вершах і што сама паэтка адкрывала ў сваіх тэкстах дзякуючы ілюстрацыям. Асобнай тэмай стане тое, як пасля эміграцыі змянілася сама мова творчасці — што адбываецца з вобразамі дому, ландшафту, памяці і страты, калі яны ўжо існуюць не ў непасрэднай рэальнасці, а ў адлегласці. Аўдыторыя зможа пабачыць, як нараджаецца кніга на скрыжаванні розных відаў мастацтва, як адзін і той жа вобраз па-рознаму існуе ў вершы і ў малюнку і як эміграцыйны досвед уплывае не толькі на тэматыку твораў, але і на сам спосаб мастацкага выказвання.

14.00-14.50 – “Страшна і смешна”: прэзентацыя кнігі Алены Германовіч. Размова з аўтаркай. Мадэруе Валянціна Андрэева.

“Страшна і смешна” — гэта кніга-рэпартаж пра Беларусь, якую мы пачынаем забываць, ідэалізаваць або, наадварот, маляваць чорнымі фарбамі. Алена Германовіч шмат гадоў працавала журналісткай у Гомелі, яе ўважлівае вока занатоўвала не толькі падзеі, але і характары, настроі.

15.00-15.50 – Ігар Кулікоў: вершы, паэтычныя пераклады. Прэзентацыя кнігі “Горад N.”

На імпрэзе Ігар прадставіць сваю апошнюю кнігу вершаў «Горад N.» Яна пра Менск, Вільню, Варшаву ды іншыя гарады й мястэчкі, якія патрапіліся аўтару на дарозе ў нетутэйшую далечыню. Гэта зборнік ня столькі вершаў, колькі моўных здымкаў, спроба зафіксаваць прастору і час: свае — каб запабегчы немінучаму адчужэньню ва ўмовах нерадзімы, чужыя — каб абжыць і прыпадобніць новыя месцы да сваіх, не прысвоіць іх, але хаця б зрабіць утульнейшымі. Зборнік уключае адзін пераклад: верш літоўскага паэта Генрыкаса Радаўскаса «Вяртаньне». На сустрэчы ён будзе разгорнуты ў цэлую нізку перакладаў зь літоўскай, над якою Ігар цяпер плённа працуе.

16.00-16.50 – “Бэстсэлеры “Мяне Няма”. Чаму вы гэта купляеце?”. Удзельнікі: Павел Анціпаў, Цімур Кудзеліч.

Некаторыя кнігі «Мяне Няма» распрадаліся значна лепш за астатнія. Заснавальнік выдавецтва Павел Анціпаў і супрацоўнік Цімур Кудзеліч паразмаўляюць пра самыя папулярныя выданні, падаб’юць статыстыку і паспрабуюць разабрацца, што прымушае чытачоў выбіраць менавіта гэтыя кнігі.

Дзіцячая пляцоўка, Ossolineum (Nankiera 17, прастора пад пляцоўкай А, 1 паверх)

12.00-13.00 – “Самае лепшае месца на свеце”. Лялечны спектакль для дзяцей і дарослых  ад 5 да 105 год ад тэатра “Казачкі бай!”.

Разам з героямі спектакля мы рушым проста ў самае сэрца палескіх балот — месца дзіўнае, жывое і поўнае нечаканых сустрэч. Тут, сярод шолаху травы і камарынага звону, увесь час нешта адбываецца! То нехта праскочыць, то нешта плюхнецца, а то і новы сябар знойдзецца. Гэта вясёлая і цёплая гісторыя пра сяброўства, давер і пра тое, як кожнаму хочацца знайсці сваё месца ў вялікім свеце. Пра тое, што невядомае — не заўсёды страшнае, а часта вельмі нават цікавае. Бо часам менавіта там, дзе ўсё выглядае дзіўна і незнаёма, можна адшукаць нешта вельмі сваё… і адкрыць для сябе цэлы сусвет. Працягласць спектакля 35-40 хв. Пасля маленькіх гледачоў будзе чакаць размінка з галоўнымі гераянямі спектакля і невялікая віктарына пра жыцце земнаводных, а найлепшыя знаўцы атрымаюць ганаровыя адзнакі. Сумарная працягласць мерапрыемства – 60 хв.

13.15-14.15 – “Мыш і Цмок”: прэзентацыя новай інтэрактыўнай платформы беларускіх казак і гульняў. З удзелам Крысціны Дробыш і іншых.

Каб стварыць сваю казку, не абавязкова быць пісьменнікам ці пісьменніцай. Новая інтэрактыўная платформа беларускіх казак і гульняў “Мыш і Цмок” — праект-пераможца ў межах «Будуй сваё» ад аплікацыі Svae. Гэта платформа, дзе можна ствараць уласных персанажаў, нават сябе, дадаваць знаёмыя месцы і пераносіць гісторыі ў казачны горад, Менск, Уроцлаў альбо стварыць зусім свой уласны свет. Можна дадаваць гульні ў гісторыі і дзяліцца імі з сябрамі. На сустрэчы стваральнікі платформы пакажуць і раскажуць, як ёй карыстацца і што можна ствараць.

Платформа будзе цікавая для дзяцей ад 3 да 10 гадоў і для дарослых без узроставых абмежаванняў.


Leave a Reply