Фестываль інтэлектуальнай кнігі

PRADMOVA ў Познані адкрывае новы фестывальны гарызонт беларускай літаратуры

1 min read
PRADMOVA ў Познані адкрывае новы фестывальны гарызонт беларускай літаратуры

З 7 па 9 лістапада ў Познані прагучаць беларускія словы, што адольваюць межы, і думкі, якія натхняюць на дыялог. На некалькіх пляцоўках горада пройдуць прэзентацыі новых кніг, творчыя сустрэчы, літаратурныя дыскусіі і музычныя імпрэзы. У праграме разнастайнасць тэм: гісторыя і сучаснасць, літаратура і актуальныя сацыяльныя пытанні, фантастыка і паэзія, мастацкія перформансы і прафесійныя размовы для тых, хто хоча быць у цэнтры культурнага жыцця. Асаблівасць познанскай праграмы — асобная дзіцячая пляцоўка, тэатральныя і кінападзеі, якія дапамагаюць убачыць сучасную Беларусь у розных вымярэннях.

Важнай падзеяй першага дня фестывалю стане дыскусія “Зялёны ліст, чырвоны цвет…”: савецкая ўтопія і беларуская паэзія”. Літаратуразнаўца Марына Казлоўская і паэт Андрэй Хадановіч паразважаюць пра пакаленне паслухмяных і непаслухмяных дзяцей Кастрычніка, пра межы творчай свабоды і пра тое, як сістэма ўплывала на беларускіх паэтаў — ламаючы хрыбет натхненню, знішчаючы творы і саміх аўтараў.

Не прапусціце тэатральныя падзею (партнёрская імпрэза Teatr Ósmego dnia): спектакль “Say hi to Abdo” паводле дакументаў і сведчанняў міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы і сустрэчу з аўтарам п’есы Мікітам Ільінчыкам.

Маленькіх наведнікаў фестывалю чакаюць сустрэчы з дзіцячымі пісьменнікамі і ўнікальныя інтэрактыўныя чытанні “Шчасце — гэта ліса”, а дарослых — жывыя размовы пра літаратуру і эміграцыю, бестселеры і фемінізм, праўду, мацнейшую за страх, і дакладныя навукі па-беларуску.

Фіналам другога фестывальнага дня стане Ноч паэзіі, на якой выступяць Ганна Шакель, Юля Цімафеева, Альгерд Бахарэвіч, Вера Бурлак, Андрэй Хадановіч, Данііл Вашкевіч, Уладзь Лянкевіч.

У нядзелю запрашаем на цырымонію абвяшчэння лаўрэатаў прэміі Цёткі за 2023 і 2024 гады; размовы пра навінкі серыі “Галерэя чалавечай думкі” і аўтафікшн у Беларусі і свеце. У чытачак і чытачоў будзе магчымасць пазнаёміцца з новымі кнігамі і выдавецтвамі, знанымі аўтарамі і дэбютантамі, завітаць на музычна-літаратурную прэзентацыю Фрыдрыха Самотнага. Завершыць фестываль выступ Кміт-ансабля і танцавальная вечарына “Танцы ў Пазнаньцы”.

PRADMOVA ў Познані — гэта не толькі тры дні насычанай праграмы, але і адкрытая платформа для дыялогу, супольных пошукаў і творчага эксперыменту. Тут традыцыі сустракаюцца з інавацыямі, а асабістыя гісторыі пераплятаюцца з агульнанацыянальнымі дыскусіямі. Далучайцеся да супольнасці, што развівае і
падтрымлівае беларускую культуру.

Мерапрыемства ў Facebook.
Мерапрыемства ў Instagram.

Не прапусціце магчымасці стаць часткай вялікай літаратурнай падзеі!

Leave a Reply