Паслямова “Прадмовы”: Ці можа кніжны фэст збіраць аншлагі?
1 min readНа мінулым тыдні завяршыўся фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”. Імпрэзы цягам сакавіка-красавіка адбываліся ў Полацку, Горадні, Гомелі, Брэсце і Бабруйску, а менская праграма налічвала больш за сотню падзеяў (усё гэта можна паглядзець на сайце фестываля www.pradmova.by і ў ягоных сацсетках). На “Прадмову” прыехалі аўтары з Фінляндыі, Расеі, Літвы, а літаратурная праграма дапаўнялася выставамі і тэатральнымі спектаклямі. Карацей, “Прадмова” ўзяла новы размах і прэтэндуе звацца галоўнай кніжнай падзеяй году. Якія былі ўдачы і хібы? Постфестывальнымі рэфлексіямі дзеляцца арганізатары і ўдзельнікі.
Даша Бялькевіч, паэтка, арганізатарка фестывалю
“Галоўнае ўражанне – людзі цікавяцца літаратурай, што не можа не радаваць. Прычым кожны творца мае сваю аўдыторыю. Часта людзі прыходзілі дзеля аднаго аўтара або кнігі. І наша задача, вядома, каб яны заставаліся на фэсце!
Змаглі прыехаць усе замежныя госці (апроч Сяргея Жадана, якога паспрабуем прывезці налета), і нашыя беларускія пісьменнікі цудоўна глядзеліся побач з імі.
З нечаканых для мяне падзеяў – “Ноч кнігі” для самых стойкіх і маладых душой. Шмат у каго была цікавасць застацца і паслухаць уначы страшныя казкі і выступы музыкаў, меладэкламацыю і літаратурны перформанс. Гэта новыя фарматы літаратуры, і такія эксперыменты маюць адбывацца. У наступным годзе “Ноч кнігі” будзе яшчэ больш феерычная.
Што да паездак “Прадмовы” ў рэгіёны, мне здаецца, жыццё там мае крыху іншы рытм, людзі не трэніраваныя такім фарматам і хутчэй стамляюцца. Вядома, наведнікаў было менш чым у Менску, але гэта былі сапраўды зацікаўленыя людзі, якія прыходзілі па натхненне і веды. Я думаю, калі “Прадмова” будзе і надалей прыязджаць у беларускія гарады, то людзі стануць больш лаяльныя да фестываля, распавядуць пра яго сваім сябрам і суседзям. Але і для першага разу ўсё прайшло дастаткова добра”.
Уладзімір Арлоў, пісьменнік
“Сёлетняя “Прадмова” адбылася на іншым узроўні і паводле колькасці і якасці імпрэзаў, і паводле масавасці аўдыторыі. Вельмі важна, што былі выяздныя сесіі, пра якія чуў добрыя водгукі і ад гарадзенцаў, перад якімі я выступаў, і ад землякоў-палачанаў, да якіх не выпала паехаць, і ад берасцейцаў.
На менскай “Прадмове”было слушна, што ўручаўся шэраг прэмій. Удалай была і задума дыскусіі з удзелам Томаса Вянцлавы, Віктара Ерафеева і мяне. Замежныя госці – сапраўды невыпадковыя, знакавыя асобы – надалі новых фарбаў “Прадмове”, якая можа стаць найбуйнейшым літаратурным фестывалем”.
Лілія Ільюшына, пісьменніца, арганізатарка фестывалю:
“Было адчуванне, што падзея зачапіла розных людзей, якія інакш не сустрэліся б –філосафы, гендарныя даследніцы, матэматыкі, прыхільнікі Ерафеева і Вянцлавы. Утварылася кніжная супольнасць: ілюстратары, выдаўцы, літаратары абмяркоўвалі вокладкі, пра нешта дыскутавалі. І ў гэтым нашая мэта – мы выходзім за межы літаратурнага фестываля, мы робім менавіта кніжны фэст. Нам важна, каб ідэя кнігі разглядалася з розных бакоў, каб кнігу можна было набыць, каб была прамоцыя, каб пра кнігу казалі як пра артэфакт і вакол яе былі дыскусіі, скажам, пра будучыню папяровых і электронных выданняў.
Таму падзеяй, якая адлюстроўвае фокус і ідэю фестываля, для мяне стала выстава маладых ілюстратараў. Мы паспрабавалі паказаць ілюстратарскую школу, пазнаёміць з маладымі аўтарамі, якіх пакуль мала хто ведае. І гэта не проста прэзентацыя, а сутыкненне розных зацікаўленасцяў – пераможцы конкурсу “Арт-Прадмова” атрымалі замову ад трох буйных выдавецтваў на ілюстраванне кніг.
Імпрэзы ў рэгіёнах уяўлялі сабой марафон, у якім мы спрабавалі прыстасавацца пад запыт мясцовых арганізатараў. Прыемна, што менскія аўтары і выдаўцы зацікаўленыя ехаць у беларускія гарады. І мне здаецца, гэта важна, бо мы мусім самі рабіць крок да свайго чытача і помніць, што ёсць жыццё і за МКАДам. Няхай на рэгіянальных імпрэзах не заўжды быў наплыў людзей, але гэта быў пробны шар, мы адчувалі зацікаўленасць, нас чакалі, нам стваралі ўтульныя ўмовы, за што мы неверагодна ўдзячныя мясцовым арганізатарам”.
Марына Шыбко, выдавецтва “Лімарыус”
“Шмат наведнікаў, вір суразмоўцаў! Было прыемна прадаваць кнігі. Мы невялікае выдавецтва, і нам важна, што ўдзел бясплатны, бо мы не можам выкласці грошы за стэнд, як на Мінскім кніжным кірмашы. “Прадмова” – сапраўдная пляцоўка для сустрэч, да нас падыходзілі знаёміцца людзі, зацікаўленыя ў кнізе, а два аўтары нават прапанавалі рукапісы для выдання. То бок было сапраўды карысна”.
Альгерд Бахарэвіч, пісьменнік
“Аўтобусны маршрут №18. Навінкі – фэстываль “Прадмова”.
Крышку сымбалічна выйшла, але: “я люблю вар’ятаў”. Такім ён для нас цяпер і застанецца, гэты аўтобус – як застанецца ў гісторыі беларускай кніжкі і сам фэст. Чатыры дні запар вазіў нас зялёнахвосты 18-ы з Асмалоўкі на галоўную кніжную падзею году – і забаўна было назіраць за пасажырамі: ніхто й не здагадваўся, што едзе ў такім інтэлектуальным напрамку.
Сёлетняя “Прадмова” атрымалася шыкоўнай, на злосьць усім скептыкам. Сорам тым, хто яе праігнараваў. Ну, па-першае: прыйшло сапраўды шмат народу, прычым рознага, а найбольш было тых, каму да 30. Па-другое: арганізатары спрацавалі на самым высокім узроўні, усё ці амаль усё было прадумана, разьмеркавана, напоўнена сэнсам і добра суаднесена з тэрыторыяй, ад сцэнаў да бару і двара. Па-трэцяе, праграма: насычаная і разнастайная: мікрафон далі ўсім, хто хацеў, запрасілі напраўду цікавых замежных гасьцей і пастараліся прадставіць усё больш-менш прыкметнае сваё. Ну, і кніжкі. Кніжак было шмат – а кніжнага шлаку вобмаль. На дзяржаўным лютаўскім кірмашы кніг і імпрэзаў, вядома, значна болей, затое да іх прыкладаецца абсурд, ганьба, чыноўнічкі, дурныя скокі і графаманскі лямант. А “Прадмова” – стылёвая, вольная і густоўная. Хоць, вядома, інтравэртам і мізантропам на такіх фэстах цяжкавата. Але Arbeit ist Arbeit und Schnaps ist Schnaps.
На “Прадмове” я гаварыў пра састарэласьць панятку канону, мёртвыя ерархіі і моўныя межы беларускай літаратуры (беларускі літаратар – той, хто лічыць сябе беларускім літаратарам), бараніў папяровую кнігу ад робатаў, правёў удалую дзьвюхгадзінную майстар-клясу па прозе, чытаў у паўцемры казку братоў Грымаў “Зачараванае дрэва”.
Раздаваў аўтографы, не адмаўляўся ад фотасэсій з чытачамі, дэгуставаў напоі.А яшчэ былі выдатныя лекцыі (асабліва вылучу лекцыю Аляксандры Логвінавай), дыскусіі і прэзэнтацыі (дзякуй, Вольга Шпарага, Тацяна Шчытцова, Юля Цімафеева, Надзя Кандрусевіч-Шыдлоўская, Андрэй Хадановіч і іншыя харошыя людзі), а яшчэ былі размовы зь Віктарам Ерафеевым (некалі, у мінулым жыцьці, мы пазнаёміліся ў гамбурскай ратушы), Софі Оксанэн (пазнаёміліся мы ўжо ў гэтым жыцьці ў Львове, і так файна было нарэшце пабачыць Софі ў Менску), Паўлам Татарнікавым, Генадзем Шарыпкіным… І ўсімі, хто рухае нашу культуру, як 18-ы па Менску – міма помнікаў, мітаў і прыгожых карцінак да схаваных і неабходных сэнсаў на ускраіне Горада Сонца”.
Павел Баркоўскі, філосаф, арганізатар фестывалю
“Вялікай удачай было тое, што ўдалося спалучыць розныя фарматы – выставы, літаратурныя імпрэзы, тэатральныя праекты. І яны не выпадалі з агульнай атмасферы фестывалю.
Для мяне прыемнай нечаканасцю стала тое, што былі добра прынятыя дыскусіі. Нават ранкам у суботу ці нядзелю шмат людзей прыходзіла паслухаць гутаркі на філасофскія або гістарычныя тэмы. То бок публіку цікавяць не толькі забаўкі, людзі гатовыя ахвяраваць час на грунтоўныя сур’ёзныя размовы.
Я думаю, калі людзі пастаўленыя ў сітуацыю, што нічога няма, то яны сыходзяць ва ўнутраныя дыялогі. А калі яны бачаць шмат зацікаўленых людзей навокал, то гэта падвышае попыт на інтэлектуальную кнігу. І ў гэтым акурат роля фестываля.
Імпрэзы ў рэгіёнах былі для нас як падарожжа Калумба ў Амерыку, адчувалася шмат рызыкаў. Людзей прыйшло троху менш, чым у сталіцы, што было чакана. Магчыма, у рэгіёнах троху цяжэй абуджаць людзей ад стану пасіўнасці, але калі падзея прыязджае да цябе дадому, то з часам яна стане заўважнай. Першыя водгукі былі вельмі пазітыўныя. Магчыма, надалей хацелася б, каб рэгіянальныя імпрэзы “Прадмовы” ператварыліся ў аўтаномныя фестывалі, якія б ядналі мясцовую супольнасць.
Мы надзвычай удзячныя ўсім, хто дапамагаў нам арганізаваць гэта свята кнігі: пляцоўцы фестываля ў Менску – культурнаму хабу ОК16, замежным прадстаўніцтвам – асабліва Рэспублікі Літва і Швейцарскай канфедэрацыі, кампаніі Andersen – за дапамогу ў арганізацыі выставы маладых мастакоў, Беларускаму ПЭН-цэнтру, творчым саюзам і аб’яднанням, адукацыйным і асветніцкім праектам, якія выступілі ў калабарацыі з намі, Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы, Нацыянальнаму цэнтру сучасных мастацтваў і кніжнай краме “Акадэмічная кніга”, беларускім выдавецтвам і нашым гасцям, якія рабілі на фестывалі выставу якаснай кнігі, усім, хто дапамагаў асвятляць фестывальныя падзеі. Шчыра дзякуем усім нашым шаноўным удзельнікам і усім тым, хто наведаў фестываль “Прадмова” у гэтым годзе. Будзем спадзявацца, што наша сустрэча адбудзецца неўзабаве”.
Фотасправаздача з розных дзён і месцаў фестываля.
Фестываль “Прадмова” ў Полацку, 3 сакавіка 2019 г., кавярня “Раздол”. Фота: ©Кірыл Смалякоў
Фестываль “Прадмова” ў Гародні, 16 сакавіка 2019 г., Цэнтр Гарадскога Жыцця. Фота: ©Кацярына Гардзеева
Фестываль “Прадмова” ў Гомелі, 23 сакавіка 2019 г., прастора “ВОЗДУХ”. Фота: ©Анастасія Давыдзенка
Фестываль “Прадмова” ў Берасці, 30 сакавіка 2019 г., Прастора КХ. Фота: ©Сяргей Нікрашэвіч
Фестываль “Прадмова”, 4-7 красавіка 2019 г., Мінск, культурны хаб ОК16 і НЦСМ. Фота: ©Таццяна Ткачова
Фестываль “Прадмова” ў Бабруйску, 13 красавіка 2019 г., Тайм-клуб 13:87. Фота: ©Дар’я Роскач (апошняе фота арганізатараў).
Пост-рэліз падрыхтаваны © Аляксандрай Дорскай