Фестываль інтэлектуальнай кнігі

Меркаванне журы пра конкурс «Шуфлядка» 2025

1 min read

Пакуль журы вырашаюць, хто з намінантаў конкурсу трапіць у кароткі спіс, мы публікуем другі водгук на сезон ад аднаго з сябраў журы:

«Чытанне рукапісаў — занятак адказны: мець справу з тэкстам, які да цябе бачыў толькі яго творца, і складана, і захапляльна, і не для слабакоў. Такі сабе літаратурны сырадой.
Цікава і радуе, што на конкурс заяўлена больш за два дзясяткі твораў для дзетак, прычым ёсць тэксты дастаткова сур’ёзнага ўзроўню, якія пры ўважлівай рэдактуры і цікавым мастацкім афармленні маюць усе шанцы стаць улюбёнымі для маленькіх беларусікаў.

Яшчэ больш радуе, што аўтары і аўтаркі звяртаюць увагу на самых “пакрыўджаных” нашых чытачоў — падлеткаў, — спрабуючы стварыць годныя ўзоры young adult. Праўда, дужа хацелася б, каб кантэкст такой літаратуры быў актуальным, а пісьменнікі ды пісьменніцы хаця б паспрабавалі зірнуць на свет вачыма сучаснага падлетка.
У намінацыі “Масавыя жанры” бачнае імкненне аўтараў ды аўтарак разбурыць стэрэатыпы, народжаныя школьным беллітам, даказаўшы, што па-беларуску можна пісаць і пра крыж Еўфрасінні, і пра касмічныя вандроўкі, і пра ведзьмакоў, і пра эратычныя эксперыменты. І гэта файна. Але і працы, каб давесці гэтыя тэксты да сапраўды годнага ўзроўню, таксама вельмі і вельмі шмат.

Найбольш нешматлікая намінацыя сёлета традыцыйна нон-фікшн. І тут вельмі крыўдна за беларусаў, асабліва ўлічваючы, які бум перажывае гэтая літаратура ў свеце, і той досвед, які перажываюць беларусы, бо ён так і просіцца на старонкі літаратуры факта.

Дарагія аўтары і аўтаркі, давайце ўжо паднаціснем, далібог, гэта залатая жыла!
З пазітыўнага хацелася б адзначыць, што мова твораў у параўнанні нават з мінулым сезонам, значна лепшая. Не ведаю, каму за гэта дзякаваць: працы над сабой ці развіццю штучнага інтэлекту, але факт застаецца фактам.

Самае цікавае ў працы сябры журы “Шуфлядкі” — спроба разгадаць: маска, я цябе ведаю?».

Leave a Reply