Фестываль інтэлектуальнай кнігі

Вацлаў Ластоўскі як лінгвіст і этнограф. Прэзентацыя кніг выдавецтва “Скарына”

Арганізатары: выдавецтва "Скарына"

Удзельнікі: Вольга Лабачэўская, Уладзіслаў Гарбацкі, Ігар Іваноў

Час і месца: 17 лістапада 2024, нядзеля, пляцоўка А (ul. Foksal, 11), 13.40-14.30

Да 140-годдзя Вацлава Ластоўскага ў выдавецтве “Скарына” выйшлі дзве кнігі, якія дапамагаюць яшчэ лепш зразумець і ацаніць даробак гэтага мысляра, энцыклапедысты і літаратара, што стаяў ля вытокаў адразу некалькіх гуманітарных дысцыплін беларускай навукі.

Зборнік “Мовазнаўчыя працы” (укладальнік Уладзіслаў Гарбацкі) сабраў каля сямідзесяці артыкулаў і нататак рознага аб’ёму, якія з 1912 па 1927 гады друкаваліся ў нашых ранніх перыядычных выданнях і календарах. Разам гэтыя тэксты публікуюцца ўпершыню.

 

 

Альбом фотаздымкаў “Экспэдыцыя 1928 г. Вацлава Ластоўскага“ (укладальніца Вольга Лабачэўская) змяшчае матэрыялы этнаграфічнай экспедыцыі на Случчыну і Мазыршчыну. Яна паспела зафіксаваць традыцыйную народную культуру беларускай вёскі напярэдадні індустрыялізацыі, што назаўсёды змяніла быт, лад жыцця і народную архітэктуру. Доўгі час матэрыялы экспедыцыі лічыліся страчанымі падчас Другой сусветнай вайны. 270 здымкаў, аднак, захаваліся ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны ў Лондане, і нарэшце іх рэпрадукцыі атрымалася апублікаваць у адным альбоме.

Падрабязней пра альбом і яго ўзнаўленне можна прачытаць тут. Упершыню на вялікім экране мы пабачым найпрыгажэнныя здымкі Тодара Гальмаджана – таленавітага фатографа і мастака, які ў 1928 г. далучыўся да каманды В. Ластоўскага.

Удзельнікі: Вольга Лабачэўская, Уладзіслаў Гарбацкі, Ігар Іваноў.