“Салідарнасць і рэвалюцыя: беларус беларусу беларус?” Дыскусія вакол кніг “Абуджэнне Беларусі: штудыі з фенаменалогіі рэвалюцыі” і “Салідарнасць уражаных”
Арганізатары: PRADMOVA
Удзельнікі: Тацяна Шчытцова, Анджэй Гняздоўскі, Павел Баркоўскі, Уладзімір Мацкевіч
Час і месца: 12 кастрычніка 2025, клуб "Павільёнас" (Pylimo g. 21B), 16.20-17.00
Кніга „Абуджэнне Беларусі. Штудыі з фенаменалогіі рэвалюцыі” мае выключную каштоўнасць. Гэта першая ў Польшчы аналітычная праца, прысвечаная беларускай рэвалюцыі 2020 года, рэалізаваная з філасофскай перспектывы. Пры гэтым філасофскі падыход не азначае “патананне” ў абстрактных паняццях, катэгорыях і схемах.
Аўтары, свядома абраўшы фенаменалагічны метад, імкнуцца выявіць сацыяльна-палітычную сутнасць падзеі праз яе ўключэнне ў розныя кантэксты, асвятленне розных яе аспектаў, а таксама праз своеасаблівую рэгрэсіўную аналітыку – указанне на розныя элементы культурнага ландшафту. Гэтыя элементы, магчыма, не столькі прывялі да рэвалюцыі (бо элемент непрадказальнасці тут немагчыма абмінуць), колькі стварылі пэўныя першасныя сацыяльна-культурныя ўмовы яе магчымасці.
Кніга філосафкі Тацяны Шчытцовай “Солидарность потрясённых” пісалася ў першую чаргу для тых, каму яна ўласна і прысвечаная – вялікай колькасці беларусаў і беларусак, якія сваімі дзеяннямі і эмоцыямі, крэатыўнасцю і сумленнасцю, салідарнасцю і адвагай зрабілі 2020-ты год гістарычнай вехай у жыцці нашай краіны.
“…2020 прынёс адчуванне, што мы – нашы зносіны і ўзаемадзеянне і, камунікацыя і ўзаемадапамога – і ёсць краіна. Менавіта таму мы нібыта адкрылі для сябе краіну нанова, яна перастала быць абстрактным паняткам – уцялеснілася ў людзях навокал, якія перасталі быць “староннімі”. Палітычнае ў нашай рэвалюцыі мела перашпачатковае старажытнагрэчаскае значэнне: грамадзяне, якія чуюць і хочуць чуць адно аднаго, каб разам вызначаць прынцыпы свайго супольнага жыцця…”.
У дыскусіі ўдзельнічаюць Павел Баркоўскі, Анджэй Гняздоўскі, Тацяна Шчытцова і Уладзімір Мацкевіч.