Фестываль інтэлектуальнай кнігі

Размова вакол кнігі “Нарысы пра найноўшы беларускі тэатр: 2010-2020”

Арганізатары: Ірына Лаппо; Наталля Русецкая

Удзельнікі: Ірына Лаппо; Наталля Русецкая

Час і месца: 30 лістапада 2024, субота, пляцоўка В (аўдыторыя 01B), 14.45-15.25

Кніга “Нарысы пра найноўшы беларускі тэатр: 2010-2020” была створаная калектывам аўтараў, аб’яднаных агульнай ідэяй — захаваць найноўшую гісторыю беларускага тэатра. Аўтары імкнуліся раскрыць найлепшыя старонкі ў развіцці тэатральнага мастацтва Беларусі 2010-2020-х гадоў, бо перакананыя, што гэты перыяд можна смела назваць рэнесансам тэатральнай культуры Беларусі.

Сёння, пазіраючы на гэтую ідэю ўжо з 2024 года, баючыся поўнага знішчэння любых праяў творчай свабоды ў Беларусі, аўтары і рэдактары бачаць, наколькі неабходным было напісанне такой кнігі, на старонках якой сведкі беларускага тэатральнага рэнесансу змаглі шчыра і адкрыта расказаць, з чаго ён складаўся. Аднак дзеля таго, каб захаваць бяспеку і пазбегнуць самацэнзуры, кожны з аўтараў мусіў абраць сабе псеўданім.

Манаграфія напісаная тэатразнаўцамі ды тэатральнымі крытыкамі, якія на сённяшні дзень маюць розны статус: хтосьці застаўся ў прафесіі, хтосьці быў вымушаны яе змяніць. Аўтары кнігі маюць рознае месца жыхарства: нехта застаўся ў Беларусі, нехта з’ехаў, каб жыць і працаваць у іншых краінах. Але ўсе яны аб’яднаныя вялізным жаданнем захаваць спадчыну і расказаць пра тое, якім неверагодным можа быць беларускі тэатр, калі яму хаця б не перашкаджаць.

Удзельніцы: Ірына Лаппо, тэатразнаўца, рэдактарка польскага выдання, Наталля Русецкая, літаратуразнаўца, моўная рэдактарка беларускага выдання.