Фестываль інтэлектуальнай кнігі

Прэзэнтацыя кнігі “Значныя дні” Цімура Кудзеліча

Арганізатары: Skaryna Press

Удзельнікі: Цімур Кудзеліч

Час і месца: 26 кастрычніка 2025, Беларуская клубоўня (5. května 32, Praha 4-Nusle), 12.00-12.30

Раман “Значныя дні” Цімура Кудзеліча выйшаў у выдавецтве Skaryna Press у лютым 2025 года. Займеў некалькі рэцэнзій і быў прэзэнтаваны ў 6 гарадах, але да Прагі раней не даязджаў.

Цімур – пісьменнік і кніжнік з Менска, цяпер жыве і працуе ў Варшаве. Прыхільнік арганічнага авангарду і літаратуры ўмоўнасці. Аўтар кніг прозы “ЯК”, “Пацукі”, паэтычнага зіну “бяз гэтага — усё”.

“Значныя дні” – заліхвацкі раман пра страх і ачмурэнне, безвыходнасць і пробліскі надзей. Яго рэчаіснасць непадлеглая нармальнаму апісанню: аўтар вымушаны выкарыстоўваць наўмысна “няправільную“ мову аповеду, ненарматыўны сінтаксіс, зменлівы тэмп, гратэск і гіпербалы, прывідныя алюзіі.

Віктар Жыбуль у анатацыі да кнігі расказвае пра твор:

“Кропка, вакол якой круціцца ўвесь сьвет рамана „Значныя дні“, — Беларусь. Так называецца чыгуначная станцыя ў горадзе Заслаўі. На ёй стаіць звычайная грамадзкая прыбіральня. У якой адбыва­юц­ца даволі незвычайныя рэчы. Кропка, дзе пераплятаюцца рэалістычнае і фантазійнае. Умоўны сьвет, упісаны ў канкрэтную тапаграфію. Рэчаіснасьць, непадлеглая „нармальнаму“ апісаньню. Жыцьцёвыя і тагабоч­ныя пэрсанажы. Наўмысна „няправільная“ мова аповеду. Не­нар­матыўны сынтаксіс. Зьменлівы тэмп. Гратэск і гіпэрбалы. Прывідныя алюзіі. Апавядальнік, раствораны ў сусьвеце. Людзі, ператвораныя ў Словы. Нават. Таксама. Падказкі, папраўкі й кпіны „закадравага“ камэнтатара. Малюнкі і фотаздымкі як ілюстрацыі ці… як замена самога тэксту?.. Рэалізм, сюррэалізм, пуантылізм і яшчэ цэлы жмут -ізмаў у адным фляконе. Перакідныя масткі ў авангард, рэнэсанс і лубок.
Раман Цімура Кудзеліча — пра страх і ачмурэньне, безвыходнасьць і пробліскі надзей.  Сапраўдныя дні. Шчасьлівыя дні. Значныя дні. Іржавыя дні.
Далей, ва ўнутар, — Уваход“.