Прэзентацыя кнігі Уладзіміра Някляева “Без Айчыны”
Арганізатары: Уладзімір Някляеў, Аляксандра Канафальская
Удзельнікі: Уладзімір Някляеў, Аляксандра Канафальская, Дзмітрый Дуганаў
Час і месца: 1 снежня 2024, нядзеля, пляцоўка А (аўдыторыя С2), 19.30-20.30
Паэт, празаік і грамадска-палітычны дзеяч – Уладзімір Някляеў напісаў новую паэму “Каляды”. Гэтая паэма, а таксама паэма “Турма” і яшчэ 43 вершы ўвайшлі ў склад кнігі “Без Айчыны”, што выйшла ў чэрвені 2024.
Кніга выйшла ў польскім выдавецтве Kollegium Europy Wschodniej (KEW) з ілюстрацыямі мастачкі Аляксандры Канафальскай. Мастачка будзе госцяй вечара і пакажа працэс стварэння ілюстрацый для кнігі “Без Айчыны”, выкарыстоўваючы тэхніку пескаграфіі. За музыку падчас прэзентацыі будзе адказваць Дзмітрый Дуганаў — мультыінструменталіст, які зайграе на хэндпане і розных духавых інструментах
У кнізе “Без Айчыны” Уладзімір Някляеў уздымае тэму эміграцыі, адчування страты айчыны, а таксама трывогі і надзеі, якія суправаджаюць гэты досвед. Гэта асабістыя, але ў той жа час блізкія многім беларусам перажыванні, перададзеныя праз паэзію і празаічныя замалёўкі.
ЕРУСАЛІМ
1
Як зброю, Слова ўзяў – і кінуў выклік Богу.
“Не Ты мне – вусце. І не Ты – выток”.
Пяском на шкле намаляваў дарогу.
Свой лёс на ёй. А вецер знёс пясок.
Наўпрост за ветрам рушыў. Без дарогі.
Па тым пяску, які пад ногі лёг.
Не сталася над Богам перамогі.
І нават лёс свой ён не перамог.
За крокам крок дакрочыў да пустэчы,
Да прорвы ў ёй, куда сцякаў пясок…
Сіл не знаходзіў на апошні крок.
Цямнела бездань. Ён ступіць не мог.
І нехта ззаду падштурхнуў у плечы.
Ён азірнуўся. Гэта быў не Бог.
2
Яна адна была на месцы тым,
Дзе быць хацела з ім. Ерусалім
Стаяў прад ёй. Яна прад ім стаяла.
«Кахала ты?» – спытаў. Яна сказала:
«Кахала я». – «Чаму ж тады няма
Каханага з табою?» – «Бо турма
Яго забрала і не аддала».
І ўпала з неба Вечная Імгла
На Вечны горад. І за той Імглою
Быў Голас: «Азірніся. Ён з табою.
З табой Імгла. Ты ў смерці не адна».
Але не азірнулася яна.