Презентацыя кнігі Уладзіміра Казлова “Варшава” (выдавецтва “Мяне Няма”)
Арганізатары: Выдавецтва "Мяне Няма", Уладзімір Казлоў
Удзельнікі: Уладзімір Казлоў
Час і месца: 5 кастрычніка 2024, субота, Вільнюс, 13.00-13.30
Кніга “Варшава” – гэта хроніка жыцця героя, чыё юнацтва супала з распадам Савецкага Саюза і адаптацыяй да новых рэалій.
Першая палова дзевяностых – час вялікіх надзей і чаканняў, звязаных з крушэннем камуністычнага рэжыму і здабыццём незалежнасці. І сёння, успамінаючы падзеі больш як трыццацігадовай даўніны, аўтар задае сабе пытанне: “Што пайшло не так? Чаму гэтыя чаканні не апраўдаліся?” Кніга падштурхне і чытача да рэфлексіі на гэтую тэму.
“Варшава” — па словах аўтара Уладзіміра Казлова, яго “самая беларуская кніга”. У ёй — пра першыя гады незалежнай Беларусі, пра Мінск пачатку 1990-х з яго надзеямі і чаканнямі. Выдавецтва “Мяне Няма” выдала поўную аўтарскую версію рамана (упершыню кніга выйшла ў Ad Marginem у 2004 годзе).
Уладзімір Казлоў — пісьменнік і кінарэжысёр. Піша прозу з 1998 года, здымае фільмы з 2013 года. У прозе аддае перавагу, па меркаванні крытыкаў, “бруднаму рэалізму” (ці “гіперрэалізму”), у кіно — мікрабюджэту.