Прэзентацыя кнігі Юрыя Іздрыка “Human Right” і альманаха паэзіі “Мінская школа”
Арганізатары: Дзмітрый Строцаў
Удзельнікі: Наталля Русецкая, Андрэй Бастунец, Сабіна Брыло, Ірына Герасімовіч і Дзмітрый Строцаў
Час і месца: 11 кастрычніка 2025, клуб "Павільёнас" (Pylimo g. 21B), 16.30-17.30
Выйшла новая кніга перакладаў Юрыя Іздрыка на беларускую мову — “Human Right”. Вясной 2025-га года аўтар атрымаў Шаўчэнкаўскую прэмію, найвышэйшую ва Украіне дзяржаўную ўзнагароду ў галіне культуры і мастацтва.
Каб павіншаваць лаўрэата, выдавецтва “hochroth Minsk” з маланкавай хуткасцю выдала зборку найлепшых вершаў паэта па-беларуску, перакладзеных Алесем Плоткам і Наталляй Русецкай.
“Папярэдняя кніга Іздрыка па-беларуску, “Папяросы”, даўно стала рарытэтам. Частка [накладу] была вывезеная і адразу распрадалася, частка была рэпрэсаваная разам з іншымі кнігамі выдавецтва “Галіяфы”. Ідэя новага выдання лунала ў паветры, але Шаўчэнкаўка стала добрай нагодай, каб праект завяршыць. Дзякуючы суперзладжанай працы ўсёй каманды цяпер мы маем не толькі кнігу Іздрыка, якую можна набыць, а не шукаць па сябрах, але і вельмі цікавае выданне, працу двух перакладчыкаў, біпалярную інтэрпрэтацыю аўтара па-беларуску” – дзеліцца ўражаннямі ад працы над кнігай Алесь Плотка.
Таксама будзе прадстаўлены пяты выпуск альманаха паэзіі “Мінская школа”, які выйшаў у аўстрыйскім выдавецтве Wespennest у рамках праекта “33 кнігі для іншай Беларусі”. Найперш ён прысвечаны паэзіі беларускай рэвалюцыі 2020 года і ўкраінскай паэзіі новага ваеннага часу. У прэзентацыі бяруць удзел аўтары выпуску: Андрэй Бастунец, Сабіна Брыло, Ірына Герасімовіч і Дзмітрый Строцаў.