Фестываль інтэлектуальнай кнігі

Прэзентацыя кнігі Макса Шчура “Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе”

Арганізатары: Макс Шчур

Удзельнікі: Макс Шчур; мадэратарка Марына Весялуха

Час і месца: 6 снежня 2025, анлайн, 14.00-15.30

Макс Шчур прадставіць сваю найноўшую кнігу, успаміны “Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе” (2 тамы, SayBeat, 2025).

Твор уяўляе сабой белетрызаваную аўтабіяграфію. Сам аўтар Макс Шчур азначае жанр кнігі як “мэм-угáры”. Ягоная спроба зразумець, чым ёсць і як узнікае асобна ўзятае чалавечае “я”, падаецца з уласцівым аўтару гумарам.

Ніякіх падрабязнасцяў, у тым ліку інтымных, ён ад чытачоў не хавае. Жыццё продкаў у Буэнас-Айрэсе, дзяцінства часоў “перабудовы” ў Берасці і Карэлічах, sex drugs rock’n’roll і пачуццёвая анархія ў Менску, пошукі сэнсу, грошай і кахання ў Празе і Стакгольме. Верагодна, што падобна шчырай кнігі ў белліце яшчэ не было.

Кнігу ўжо можна купіць на сайце кнігарні “Кнігаўка”.

Макс Шчур — паэт, перакладнік, лаўрэат прэміі Гедройця (2016) за раман «Завяршыць гештальт» і прэміі Юхнаўца за раман «Там, дзе нас няма» (2004). З 1998 году жыве ў Чэхіі. Аўтар шэрагу кніг паэзіі і прозы («Амальгама», «Ліст, знойдзены на папялішчы», «Галасы», «Кінараман»), перакладнік з ангельскай, гішпанскай, чэшскай і іншых моў. Галоўны рэдактар сайту «Невідочнае места» (2003—2008) і віртуальнага літаратурнага часопіса «ЛітРаж» (2013—2020). Пераклаў на беларускую фільм «Крымінальнае чытво». Аўтар ютуб-каналу @luempen, дзе публікуе свае пераклады песень і развагі пра будызм.

Мерапрыемства можна глядзець 6 снежня, субота, а 14.00 па Варшаве на нашым YouTube-канале.