Фестываль інтэлектуальнай кнігі

Прэзентацыя кнігі Аксаны Гурыновіч “Raising the Curtain. Operatic Modernism and the Soviet Nations”

Арганізатары: Аксана Гурыновіч

Удзельнікі: Аксана Гурыновіч

Час і месца: 6 снежня 2025, анлайн, 13.00-13.45

У сваёй кнізе Аксана Гурыновіч разглядае, як архітэктура, і, у прыватнасці, архітэктура і архітэктары пасляваеннага мадэрнізму, удзельнічалі ў працэсах нацыянальнага будаўніцтва ўнутры Савецкага Саюза, і як і наколькі яны ўтылізавалі магчымасці, прадстаўленыя працэсамі пасляваеннай дэцэнтралізацыі. У цэнтры яе даследавання архітэктурная тыпалогія, якая як ніякая іншая рэгіструе і адлюстроўвае нацыянальныя амбіцыі і жаданні грамадства – архітэктура музычных тэатраў. У фокусе кнігі два оперныя тэатры, Тэатр Оперы і Балета ў Вільні і Тэатр Музычнай Камедыі ў Мінску, па шчаслівай выпадковасці спраектаваныя жанчынамі, і змешчаныя ў сталіцах дзвюх суседскіх савецкіх рэспублік, чыя нацыянальная траекторыя не магла быць больш супрацьлеглай: калі Літва была першай краінай, якая выйшла з СССР, за Беларуссю замацавалася рэпутацыя “апошняй савецкай рэспублікі” на дзесяцігоддзі пасля распаду Савецкага Саюза. Выданне заснавана на PhD-дысертацыі, напісанай у Тэхнічным Універсітэце Берліна і ўзнагароджанай прызам рэктараў Берлінскіх вышэйшых навучальных устаноў у 2020/21. Кніга, выдадзеная нямецкім выдавецтвам Spector Books, узнагароджана як адна з самых прыгожых нямецкіх кніг у 2025 годзе. Аксана Гурыновіч, гісторык архітэктуры і куратар, у дадзены момант PostDoc Fellow ва Універсітэце Канстанц, даследуе пабудаванае асяроддзе Халоднай Вайны з фокусам на дзяржаўным сацыялізме.

Мерапрыемства можна глядзець 6 снежня, субота, а 13.00 па Варшаве на нашым YouTube-канале.