Прэзентацыя англамоўнага выдання кнігі Артура Басака “Беларускія нячысцікі. Лясныя” з удзелам перакладчыка Андрэя Строцава
Арганізатары: Chabor Publishing
Удзельнікі: Андрэй Строцаў
Час і месца: 16 лістапада 2024, субота, пляцоўка В (ul. Foksal, 11), 18.05-18.45
Андрэй Строцаў распавядзе пра выклікі перакладу беларускага фэнтэзі на ангельскую мову. Чым адрозніваюцца Cmok, Tsmok і Dragon? Як перадаць рэаліі Беларусі XIX стагоддзя для сучаснага замежнага чытача?
Кнігу “Беларускія нячысцікі. Лясныя” Артура Басака і Аліны Длатоўскай, якая ў жніўні выйшла ў Беларусі, цяпер надрукавалі ў Польшчы на ангельскай мове пад назвай “Belarusian bogeyfolk. Forest”.
Кніга ўяўляе сабой дзённік дасведчанага нячысціказнаўца, прысвечаны лясным нячысцікам. З яго вы даведаецеся, чым Лясун адрозніваецца ад Гаюна, хто такі Капялюшнік і як прыдбаць новыя боты сярод лесу. Акрамя таго, у гэтым дзённіку можна знайсці парады, як здабыць кавалачак кароны Вужынага Караля ды папараць-кветку, якая дае доступ да таямніц сусвету. На падрабязных ілюстрацыях можна разгледзець спакусніцу Зазоўку, небяспечнага Лядашціка, таямнічага Туросіка і нават такіх рэдкіх істотаў, як Аднарог, Лагішынскі воўк ды Паднор.