Пратэст, вайна і мова. Прэзентацыя кнігі Вольгі Касцюк “Дубовые яблочкі”
Арганізатары: PRADMOVA
Удзельнікі: Вольга Касцюк, Таццяна Астроўская
Час і месца: 6 снежня 2025, анлайн, 12.00-12.45
Дыскусія на тэму “Пратэст, вайна і мова” на прыкладзе кнігі кароткай прозы “Дубовые яблочкі” Вольгі Касцюк.
Героі гэтых апавяданняў не звязаны паміж сабой, але іх гісторыі паяднаны адзіным мінулым. Адных герояў і гераіняў пазнаеш адразу; у іншых гісторыях і дыялогах бачыш сябе, сяброў або суседзяў. „Дубовые яблочкі“ — гэта шчыры, эмацыйны і смелы праект асабістага летапісу і медытацыі пра шматаблічча сям’і, пра мову, дзяцінства і сталасць, жаноцкасць і мацярынства, пра новую і далёкую краіну, што стала домам.
Кніга пачынаецца па-руску, а заканчваецца на беларускай мове і роднай аўтарцы паляшуцкай гаворцы.
Вольга Касцюк жыве ў Новай Зеландыі (Аатэароа). Яе апавяданні, вершы, эсэ і пераклады публікаваліся ў часопісах, анталогіях і анлайн-выданнях па ўсім свеце. У сваёй творчасці яна часта закранае тэмы, актуальныя для фемінісцкай літаратуры, пытанні дэкаланізацыі і моў.
Мерапрыемства можна глядзець 6 снежня, субота, а 12.00 па Варшаве на нашым YouTube-канале.