Фестываль інтэлектуальнай кнігі

Мінулае і будучыня беларускага самвыдаву: як чытаць, выдаваць і вывучаць непадцэнзурную літаратуру?

Арганізатары: PRADMOVA

Удзельнікі: Таццяна Астроўская, Ігар Іваноў, Уладзіслаў Гарбацкі

Час і месца: 30 лістапада 2024, субота, пляцоўка А (аўдыторыя С2), 18.45-19.40

Самвыдаў – феномен непадцэнзурнай і таемна прадукуемай літаратуры – звычайна звязваецца з халоднай вайной і спробамі інтэлектуалаў Усходняга блока супрацьстаяць манаполіі сацыялістнай дзяржавы на вытворчасць веды. Пасля распаду Савецкага Саюза і пашырэння інтэрнэту, здавалася, што самвыдаў цяпер цалкам належыць да з’яў мінулага. Пачатак 2020-х, што быў адзначаны ўзмацненнем аўтарытарных рэжымаў ва Усходняй Еўропе і радыкальным абмежаваннем свабоды слова, перакуліў гэтае ўяўленне.

Самвыдаў – у розных яго формах – друкаванай, алічбаванай ці лічбавай – зноў перажывае свой уздым. Гэты ўздым і неабходнасць пошуку новых формаў супраціву вайне і таталітарызму дазваляе (і прымушае) перагледзець кананічную гісторыю самвыдаву.

У гэтай дыскусіі гісторык Таццяна Астроўская, палітолаг і сацыялінгвіст Уладзіслаў Гарбацкі і выдавец Ігар Іваноў паразважаюць пра гісторыю беларускага непадцэнзурнага друку, яе забытыя старонкі і ненапісаныя гісторыі. Таксама ўдзельнікі дыскусіі абмяркуюць шляхі і спосабы распаўсюду сучаснага самвыдаву і прадставяць новыя выдавецкія праекты. Адзін з іх – перавыданне самвыдацкага “Рукапісанага зборніка” (1945-1947) Ларысы Геніюш, кнігі, у якой паэтка звяртаецца да тэмы эміграцыі, страты і немагчымасці вяртання, актуальнай для беларусаў і сёння.