Дыскусія “Беларускія жанчыны 2020-2023: бачнасць, салідарнасць, супраціў”
Арганізатары: Фестываль PRADMOVA
Удзельнікі: тоні лашдэн, Ірына Сідорская, Вольга Шпарага. Мадэратарка − Антаніна Сцебур
22 кастрычніка 2023, анлайн, 16.00 – 17.30
Ад самага пачатку беларускіх пратэстаў жанчыны* адыгрывалі ключавую ролю. Яны былі тварам “жаночай рэвалюцыі”, пра якую шмат пісалі медыя ў 2020-2021 гадах. Жанчыны* працягваюць быць моцна ўцягнутымі ў палітычны і актывістскі працэс, выконваючы традыцыйныя працы па клопаце і падтрымцы інфраструктры, займаючыся “нябачным жаночым актывізмам”, які застаецца не заўважаным для вялікіх палітычных пляцовак і медыя. У дыскусіі “Беларускія жанчыны* 2020-2023: бачнасць, салідарнасць, супраціў” мы пагаворым пра тое: чаму жаночыя* галасы сталі менш заўважнымі ў прасторы “дэмакратычных сіл”? Як жанчыны могуць уплываць на палітычны працэс? І якія ёсць рызыкі для грамадства, калі жанчыны* і іх унёсак недаацэненыя?
Ірына Сідорская – доктарка філалагічных навук, больш за 20 год працавала на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту. Экспертка ў сферы камунікацыі, медыя і гендара. Вядзе гендарную перадачу пад назвай Gendar_gap.
тоні лашдэн – мінская квір-феміністка, пісьменніца і журналістка. Тоні працуе з актывістскімі і пісьменніцкімі суполкамі, каб умацоўваць галасы жанчын і квір-людзей. У 2022 Тоні суарганізаваў лабараторыю аўтафікшэн пісьма “Расцяжэнне”, якая была прысвечана досведу вымушанай міграцыі і пратэстаў 2020. Сёння Тоні працуе над лабараторыяй дэкаланіяльнага пісьма “Корни\Листья”, мэта якой – зрабіць заўважным досвед жанчын і квір-людзей у гісторыі Беларусі.
Вольга Шпарага – філосафка, кандыдатка філасофскіх навук, аўтарка кнігі “У революции женское лицо: случай Беларуси”, якая выйшла на нямецкай (2021), рускай і літоўскай (2022) і была ўзнагароджана прэміяй Алеся Адамовіча Беларускага ПЭНа. Су-заснавальніца (жнівень 2020) і ўдзельніца Фем групы КР. З’яўляецца запрошанай даследчыцай Інстытута навук аб чалавеку ў Вене.
Час мерапрыемстваў GMT+02:00 Цэнтральнаеўрапейскі час (Варшава). Трансляцыя мерапрыемства будзе дасяжная ў пазначаныя дату і час у суполцы фестываля ў Facebook.