Дзе паслухаць беларускія аўдыякнігі? Спіс сайтаў і прыкладанняў
1 min readАўдыякнігі становяцца ўсё больш распаўсюджанай і папулярнай з’явай — слухаць кнігі зручна, калі едзеш у машыне, калі выйшаў на прабежку, калі рукі занятыя прыборкай… Склалі для вас падборку праектаў, якія займаюцца выпускам аўдыякніг.
Кніжны воз — аўдыявыдавецтва, якое спецыялізуецца ў асноўным на кнігах для дзяцей і падлеткаў. Але і дарослым таксама знойдзецца штосьці паслухаць. Каб слухаць кнігі ад “Кніжнага возу” было зручней, можна спампаваць іх прыкладанне ў Google Play ці App Store.
Кнігі для дзяцей: Андрэй Скурко “Хто жыве ў гаражы”, Ганна Янкута “Марта і яе мара пра снег”, Клайв Стэйплз Льюіс “Хронікі Нарніі”, Серж Мінскевіч “Мышкі і дзеці” і іншыя.
Кнігі для дарослых: Вашынгтон Ірвінг “Легенда соннай лагчыны”, Артур Конан Дойл “Шэрлак Холмс. Знак чатырох”, Чарльз Дыкенс “Калядны харал”, Уладзімір Караткевіч “Дзікае паляванне караля Стаха” і іншыя.
Audiobooks.by — аўдыявыдавецтва і навігатар па аўдыякнігах на беларускай мове і беларускіх аўтараў. Тут вы можаце хутка знайсці як аўдыякнігі сучасных аўтараў, так і дзіцячыя альбо класічныя кнігі. Сайт не змяшчае самі кнігі, а дае спасылкі на пляцоўкі, дзе іх можна паслухаць альбо набыць. То бок, сайт аб’ядноўвае ўсе пункты з гэтага тэкста! Таксама каманда audiobooks.by агучвае і выпускае аўдыякнігі самастойна.
Кнігі: Джэром Клапка Джэром “Трое ў чоўне і пёс з імі”, Васіль Быкаў “Мёртвым не баліць”, Вольга Гапеева “Самота, што жыла ў пакоі насупраць”, Аліна Нагорная ”Мова 404” і іншыя.
Беларуская літаратура — гэта YouTube-канал, дзе вы знойдзеце безліч класічных твораў беларускай літаратуры. Там прадстаўлены кнігі, якія ёсць у школьнай праграме, якія вы ўжо маглі чытаць раней. Аўтары канала прапануюць перачытаць і пераасэнсаваць літаратурную спадчыну ў свядомым дарослым узросце, а таксама адкрыць новыя для сябе творы. Акрамя празаічных твораў, на канале ёсць прыгожа начытаныя беларускія вершы.
Кнігі: Леанід Дайнека “Меч князя Вячкі”, Максім Гарэцкі “Дзве душы”, Васіль Быкаў “Жураўліны крык”, Мікола Гусоўскі “Песня пра зубра” і іншыя.
Аўдыякнігі фонда Kamunikat — самі і разам з Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў агучваюць розныя беларускамоўныя кнігі: і сучасныя, і класічныя, і замежныя перакладныя. Ёсць тут і вершы, і мастацкая проза, і нон-фікшн, і крыху дзіцячай літаратуры — кожны знойдзе штосьці на свой густ.
Кнігі: Уладзімір Някляеў “Выбранае”, Джані Радары “Казкі па тэлефоне”, Людміла Рублеўская “Пантофля Мнемазіны”, Сяргей Календа “Падарожжа на край ложка” і іншыя.
litaralna — аўдыявыдавецтва, у якім каманда энтузіястаў “аб’яднана важнай мэтай — захаваннем і папулярызацыяй беларускай моўнай спадчыны: літаратуры, перыёдыкі, значных помнікаў беларускай думкі” — так напісана на сайце праекта. Лідар і ідэйны натхняльнік праекта — Уладзімір Пугач. Пакуль litaralna мае пяць агучаных кніг.
Кнігі: Ігнат Абдзіраловіч “Адвечным шляхам”, Кастусь Каліноўскі “Мужыцкая праўда”, Вацлаў Ластоўскі “Кароткая гісторыя Беларусі” і іншыя.
Аўдыякнігі “Радыё Свабоды” — агучаныя кнігі, выбраныя з тых, што выходзілі ў серыі “Бібліятэка Свабоды”. У асноўным гэта нон-фікш, а таксама на сайце прадстаўлены цыкл кніг мемуараў.
Кнігі: Уладзімір Арлоў “Пакуль ляціць страла”, Зміцер Бартосік “Быў у пана верабейка гаварушчы”, Аляксандр Лукашук “Cьлед Матылька. Освальд у Менску”, Вольга Іпатава “Па той бок тэлеэкрана” і іншыя.
Аўдыятэка Беларускага ПЭНа — з большага тут прадстаўлены вершы альбо ўрыўкі празаічных твораў сучасных беларускіх паэтаў і перакладчыкаў. Але ёсць і цалкам агучаныя кнігі, напрыклад, з шорт-ліста прэміі Гедройця.
Кнігі: Вольга Шпарага “У рэвалюцыі жаночае аблічча. Выпадак Беларусі”, Ганна Янкута “Кот Шпрот і вежавы гадзіннік”, Зараслава Камінская “Калядны стол. Некулінарная кніга” і іншыя.
“Казкі з Маляванычам” — раздзел з казкамі на YouTube-канале BAYBUS. Там Аляксандр Ждановіч, ён жа Маляваныч, чытае казкі — беларускія народныя, аўтарскія і замежныя. Казкі дапоўнены прыгожай маляванай анімацыяй.
Казкі: Эльга Папова “Пра марскую барашку”, Оскар Уальд “Хлопчык-зорка”, Свэн Нурдквіст “Маму Му будуе дамок”, Дар’я Вашкевіч “Леў і Васіліна” і іншыя.
Аўдыякнігі “Беларускай палічкі” — гэта раздзел электроннай бібліятэкі, дзе сабраныя агучаныя класічныя беларускія і замежныя творы, дзіцячыя кнігі і гістарычная літаратура. А яшчэ на сайце ёсць асобны раздзел з аўдыёспектаклямі па літаратурных творах.
Кнігі: “Жыццё Ефрасінні Полацкай”, Эліза Ажэшка “Хам”, Мікола Аўрамчык “У паддзямеллі”, Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры “Маленькі прынц”.
Аўдыякнігі, запісаныя Міністэрствам інфармацыі — як ні дзіўна, міністэрства інфармацыі можа не толькі забараняць усё на свеце, але і выпускаць аўдыякнігі. На іх гугл-дыску прадстаўлены творы са школьнай праграмы па беларускай літаратуры (з 5 па 11 клас), беларуская і замежная літаратура.
Кнігі: Эрых Марыя Рэмарк “Тры таварышы”, Алесь Разанаў “Адліга”, Янка Брыль “Птушкі і гнёзды”, Астрыд Ліндгрэн “Браты Львінае Сэрца” і іншыя.