PRADMOVA

Фестываль інтэлектуальнай кнігі

Праграма першага сезона фестывалю падлеткавай і young adult кнігі “YA (Я)”

1 min read

У сувязі з няпэўнасцю сітуацыі, у праграме магчымы змены — ад замены канкрэтных лектараў да пераноса часткі фэста ў анлайн-фармат (напрыклад, праз забарону масавых мерапрыемстваў).

Калі ласка, перапэўніцеся па праграме перад выхадам з дому. І не забудзьцеся пра маскі!

Чакаем ўсіх у Культурніцкім цэнтры “Корпус” (пр-т Машэрава, 9/8).

Уваход вольны (з папярэдняй рэгістрацыяй на шэраг мерапрыемстваў).

 

27 лістапада (пятніца) 14:30 — 21:00
Зона А Зона B

14:30-15:30 Гісторыі і кнігі пра мастацтва: лекцыя Мікіты Моніча (13+)

Калі на публіку выходзіць чалавек, які ператварае знаёмства з мастацтвам у мікраспектакль, у дзейства і ўсім сваім выглядам паказвае: паглядзіце, мяне прэ ад таго, што я раблю, — значыць, на публіку выходзіць усходазнавец і экскурсавод Мікіта Моніч. А калі вы яшчэ ні разу гэтага не бачылі — мы вам нават зайздросцім.

15:00-16:00 “О, Караткевіч!”: інтэрактыўная віктарына на веданне творчасці пісьменніка ад “Вандроўнага фэста Уладзіміра Караткевіча” (16+)

Вандроўны фэст Уладзіміра Караткевіча з нагоды 90-годдзя пісьменнніка правядзе інтэрактыўную віктарыну для школьнікаў і студэнтаў на веданне творчасці Уладзіміра Караткевіча.

Зона С: 15:00-17:00 Майстар-клас па стварэнню пластылінавага мультфільма па кнізе Л.Леоні “Пеццэтына” ад Студыі дзіцячай мультыплікацыі “Энфіс” (12+)

Удзельнікі паспрабуюць сябе ў анімацыйнай тэхніцы “пластылінавай перакладкі” (у гэтай жа тэхніцы калісьці здымалі знакамітую “Пластылінавую варону”). Кожны адчуе сябе сапраўдным мультыплікатарам, бо прыдуманы і створаны ім персанаж ажыве на мульт-станку!
Вядучыя: заснавальніца студыі, аўтарка казак, педагог-мультыплікатар Наталля Кулібава. Мастачка, педагог-мультыплікатар Вікторыя Хоміч. 

16:00-17:00 Сярдзітая моладзь: разбор сучаснага фэнтэзі. “Кніга Здольных” С.Аўдзейчык, “Арнаменты” А.Длатоўскай, “Вараціш-гара” М.Латышкевіч. Мадэратар: Іван Бачук (13+)

Пагаворым аб беларускім фэнтэзі з чытачами-падлеткамі і аўтарамі кніг. Хочаце задаць пісьменнікам любыя, нават самыя нязручныя пытанні? Можна далучыцца да групы, якая чытае (куратар сустрэчы — студыя замежных моў “Challenge”) або прачытаць адну, дзве, усе кнігі самастойна — прыйсці на сустрэчу і сказаць сваё слова! Ці проста паслухаць)

16:00-17:00 “Трылабіты не вінаватыя”: супергульня па кнізе Святланы Лаўровай ад магаў чытання (магістрантаў праграмы “Праектаванне праграм у сферы чытання дзяцей і моладзі” МДПУ) (13+)

Шпіёнскі дэтэктыў для дзяцей, хітра схаваны ў гісторыю эвалюцыі або гісторыя эвалюцыі, хітра схаваная ў шпіёнскі дэтэктыў?
Сардэчна запрашаем у ардовік — дзіўны і прыўкрасны!
Пасля прачытання кнігі шэрагі палеантолагаў, верагодна, папоўняцца. Або шпіёнаў. Або чытачоў таўшчэзных талмудаў.

17:00-18:00 Отмена!!!

17:00-19:00 “Гары Потэр. Усё пачынаецца”: гульня ад бібліятэкі імя В.Таўлая, г.Баранавічы (12+)

Зрабіць усё, каб распазнаць і перамагчы зло: навучыцца лётаць на мётлах, варыць зелле па рэцэптах і гуляць камандна. Маглы хай займаюцца сваімі справамі. Чакаем толькі чараўніц ды чараўнікоў. Ролевая гульня па матывах першага рамана з культавай серыі твораў англійскай пісьменніцы Дж. К. Роўлінг пра хлопчыка-чараўніка Гары Потэра.

18:00-19:00 “Птушка, якая ўва мне… “: спектакль па матывах кнігі Сары Лундберг “Птушка ўва мне ляціць, куды захоча” ад тэатра лялек, свету і ценю “Дом Сонца” (14+)
У кожным з нас ёсць нейкая Птушка… Гэтая Птушка — наша прызначэнне, наш талент, наша сэрца. Што будзе, калі слухаць Птушку, якая гучыць унутры? Падпарадкавацца яе несуцішнаму клічу і адправіцца ў невядомае падарожжа насустрач свайму лёсу?
А ты ўсяго толькі дзіця і залежыш ад свету дарослых, якія не заўсёды цябе разумеюць…
19:00-20:30 Літаратурна-музычная вечарына (12+)
28 лістапада (субота) 11:00 – 21:00
11:30-12:30 Чулыя гісторыі: размова з Нінай Дашэўскай (Расія, анлайн) і Ганнай Зяньковай пра герояў іх кніг, якія крыху “не такія”. (Н. Дашэўская “Дзень ліка Пі”, Г.Зянькова “З гарачым прывітаннем ад Фёклы”) (13+)

Гэта я дзіўны ці людзі вакол? Ты ніколі не задаваўся гэтым пытаннем? Людзей жа большасць; так што даводзіцца гуляць па іх правілах.
Як гэта — быць самым разумным у класе або мець каляровы слых, або трапіць у дзіцячы дом, ці размаўляць з блізкім чалавекам, якога ўжо няма?
Дзве гісторыі, героі якіх не падобныя на звычайных герояў (але, можа быць, падобныя на кагосьці, каго ты ведаеш?). І дзве аўтаркі, якія шмат ведаюць пра незвычайнасці.
Рыхтуйце пытанні!

Да сустрэчы можна далучыцца анлайн у Zoom.

11:00-12:00 Майстар-клас па стварэнню літаратурна-тактыльнай паштоўкі “Сабака пакрыўдзіўся” ад праекта “Тактыльныя кнігі” (12+)

Літаратурна-тактыльная паштоўка — гэта паштоўка па матывах верша для дзяцей з асаблівасцямі зроку. Частка яе элементаў выканана з тактыльных матэрыялаў. З нас — матэрыялы, з вас рукі. Пасля МК паштоўкі будуць адпраўленыя тым, каму яны найбольш патрэбныя.

12:30-14:00 Літаратурна-мастацкі майстар-клас ад студыі вольнай творчасці FreeArt (12+)

Прыйшоў час акунуцца ў паток мастацкага натхнення, адкінуць усе абмежаванні і стварыць нешта грандыёзнае — абстрактную карціну па матывах урыўкаў з вядомых літаратурных твораў!
Рэферэнсам для натхнення ў нас будуць Оскар Уайльд, Максім Багдановіч, Уільям Голдзінг, Карл Гюісманс. З падтрымкай мастака вы перанесяце свае каляровыя асацыяцыі на паперу пры дапамозе пэндзля і фарбы.
Кожны забярэ гэтую карціну з сабой у напамін пра тое, што творчасць не мае межаў.

12:00-13:00 Прэзентацыя кнігі “Дзіцячы сеанс” Марыі Касцюковіч. “Дзіцячы сеанс” — першы буйны нон-фінкш пра ўсю гісторыю беларускага дзіцячага кіно (16+)

Пагаворым пра тое, якія гісторыі распавядалі дзецям розных пакаленняў, якім паказвалі ім свет, чаму ад пакалення да пакалення гэтыя сюжэты дзіўна мяняліся і як піянер-герой ператварыўся ў Бураціна.
Паглядзім урыўкі з дзіцячых фільмаў розных гадоў, ўспомнім аўтараў дзіцячых фільмаў, параўнаем свае дзіцячыя і дарослыя ўражанні ад іх.
Абмяркуем, чым жыла беларуская дзіцячая культура ў розны час, для чаго здымалі дзіцячыя фільмы і чаму перасталі — і што зрабіць, каб яны з’явіліся зноў.

12:30-13:45 “Ключ дарог”: жывы квэст ад лагера трансфармацыйных прыгод “Калекцыя прыгод” (па кнізе Ліліі Ільюшынай “Ключ дарог”) (12+)

Вас чакае серыя выпрабаванняў па матывах фэнтэзі-гісторыі Ліліі Ільюшынай. Хоп — і існуюць дарогі між светамі, якія могуць завесці куды заўгодна, іх Гаспадар і таямнічы Дом на Дарозе, у якім, згодна ўрыўкам легенд, можна знайсці тое самае важнае, што аднойчы згубіў. Хоп — і паспрачаемся? — вы прачытаеце кнігу? Рэгістрацыя абавязковая

13:00-14:00 Лекцыя “Драматургія для падлеткаў” ад Цэнтра беларускай драматургіі пры Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Лектар: Анастасія Васілевіч (14+)
У рускамоўным прасторы сучасных п’ес пра падлеткаў вельмі мала. Пры гэтым еўрапейскія драматургі актыўна асвойваюць гэтую тэму. Чаму ў постсавецкім тэатры практычна няма спектакляў для тынэйджараў? На лекцыі вы даведаецеся пра асаблівасці сучаснай драматургіі, спецыфіку падлеткавых п’ес і праблемы, з якімі сутыкаюцца аўтары і рэжысёры, якія вырашылі пагрузіцца ў даследаванне пубертата.
14:00-15:00 Надзея Ясмінска: “У пошуках мiфа: фантастычныя iстоты”. Знаёмства з героямі беларускіх легендаў і паданняў у выглядзе кампутарнай гульні (12+)

Давайце ўявім сабе, што мы збіраемся ўключыцца ў гульню, дзе лакацыі — старажытныя беларускія лясы, палі і вёскi, і нам трэба выбраць героя, за якога будзем гуляць. Хто ім стане? Працавіты Хатнік альбо шкодны Меша? Прыгожая Гаёўка, дужы Волат ці фанабэрысты Цмок? У нашай міфалогіі хапае дзіўных істот: вялікіх і маленькіх, жудасных і бяскрыўдных. Пра іх можна даведацца на займальнай аўтарскай лекцыі дзіцячай пісьменніцы Надзеі Ясмінска.

14:00-15:00 “Комікс как унікальная мова”: лекцыя-прэзентацыя ад творчага аб’яднання “Сучасны комікс”. Лектар: Мікіта Сеннікаў (14+)

Ўсё яшчэ можна сустрэць меркаванне, што коміксы — гэта “проста кніжкі з малюнкамі для дзяцей” пра “супергерояў ў трыко”. Але коміксы, як і любы з існуючых відаў мастацтва, валодае сваёй унікальнай мовай, сімбіёзам літаратуры і выяўленчага мастацтва з прымешкам мультыплікацыйных і кінематаграфічных прыёмаў. За час нашай невялікай лекцыі мы наўрад ці ў ідэале вывучым гэтую складаную і мудрагелістую мову, але як мінімум — бліжэй з ёй пазнаёмімся.

15:00-16:00 Спектакль старэйшай групы тэатральнай студыі “Два вераб’я” па кнізе Гудрун Мебс “Нядзельнае дзіця” (12+)

“калі з’явяцца качаняты, іх не аддадуць у качыны інтэрнат для круглых сірот — такога інтэрната не бывае і быць не можа, качкам гэта не трэба. А ў людзей ёсць. Чаму так?..”
Каранцін прывёў нас у кнігу і даў магчымасць падняць складаныя пытанні для абмеркавання і абдумвання, пакапацца ў чужой гісторыі і паглядзець на сябе, папрацаваць з тэкстам і расказаць гледачам пра дзяўчынку, якая марыла пра маму.

 

15:00-16:00 Што засталося ў школьнай праграме ад беларускага літаратурнага канону? Размова з Ганнай Севярынец (14+)

Часам адыходзіць ад кананічных уяўленняў пра паэта — нязручна. А калі гэта класік — дык яшчэ і страшна. А ўжо калі нацыянальны геній — наогул падаецца злачынствам. А што, калі паспрабаваць? Як прачытаюць сучасныя дзеці Янку Купалу без вёскі, без мужыка і без гаротнай зямелькі?

16:00-17:30 Сярдзітая моладзь: разбор кніг “про любофф”. “Узгадваючы Вегас” Г.Севярынец, “Сіямцы” А.Жвалеўскага і Я.Пастэрнак, “Гарэзлівы пацалунак” Е. Вайтоўскай (М.Мартысевіч). Мадэратар: Сяргей Бародзіч (13+)
Дапытлівыя і прыдзірлівыя чытачы гатовы давесці аўтарам, што не так у іх кнігах. Карацей, хто так піша пра каханне? З другога боку — можа, чытачы будуць хваліць? Куратар блока — Літаратурны клуб “РомашЬка”.
16:00-17:00 “Пад аховай” Клэр Зорн: чэсная размова пра булінг з Ірынай Загорскай — псіхолагам, гештальт-тэрапеўтам, трэнерам курса развіваючых заняткаў для дзяцей і падлеткаў “Смялей” (13+)
Што такое булінг, ці ёсць у яго прычыны? Як пачуцці і эмоцыі перажывае чалавек — аб’ект усеагульных здзекаў і кпінаў? Як зразумець, што блізкага чалавека буляць і як яму дапамагчы? І, галоўнае, чаму тыя, хто маўчаць, ня лепш за тых, хто цкуе? Будзем разам з псіхолагам шукаць адказы, абмяркоўваць кнігу і канкрэтныя жыццёвыя сітуацыі.

17:30-18:00 “Банальныя гісторыі” ад небанальных людзей. Прэзентацыя новай кнігі А.Жвалеўскага і Я.Пастэрнак (12+)

Самая свежая кніга Андрэя і Жэні — і вельмі няпростае пытанне: “Ці сапраўды гэтыя гісторыі пра шасцікласнікаў — банальныя?”

17:00-18:00 Пісьменніцкі анлайн-майстар-клас ад Ксеніі Шталенковай: “Як прыдумаць механіку свайго фэнтэзі-свету?” (12+)
На майстар-класе ўдзельнікі сустрэнуцца з пісьменніцай Ксеніяй Шталенковай, абмяркуюць улюбёныя фэнтэзі-гісторыі, а таксама выканаюць практыкаванні, каб наблізіцца да стварэння ўласнага літаратурнага света, які будзе жыць як самы сапраўдны! Ксенія падзеліцца ўласным досведам напісання тэкстаў у жанры фэнтэзі, а таксама абмяркуе з удзельнікамі, з якімі складанасцямі можна сутыкнуцца, калі прадумваеш механіку выдуманага свету. Сустрэча пройдзе анлайн у Zoom.
18:00-19:00 “Лапідыс-лудус”: майстар-класс па гульне з “Кнігі здольных” Святланы Аўдзейчык (140 каменьчыкаў і 2 гульца) (13+)

Самай папулярнай гульнёй у фэнтэзійным свеце, створаным у Кнізе здольных, з’яўляецца “Лапідыс-лудус”. Яна ўяўляе сабою варыянт гульні ў каменьчыкі, для якой спатрэбяцца: адмысловы круглы паднос са 141 лункай, 140 каменьчыкаў і 2 гульца. Перамагае ў гульні той, хто ў выніку перасоўвання па гульнявому полю, першым адправіць у цэнтральную лунку свайго “барона” — галоўны камень кожнага ўдзельніка. Гульня ідзе на “каштоўныя” камяні свайго суперніка, якія імкнуцца атрымаць удзельнікі.

19:00-21:00 Літаратурнае стэндап-шоў “Кот Бродскага. Мінск” (12+)

“Кот Бродскага” — шоў літаратурных стэндапаў з Уладзівастока. І вось мы вырашыліся правесці “Ката” у Мінску (пры поўнай падтрымцы аўтараў праекта)!
Кожны з 4 удзельнікаў (13-15 гадоў) на працягу месяца прачытаў па кнізе, абранай у парадку лёсавання. Усе яны сустракаліся з арганізатарамі і экспертамі, каб рэпетаваць (а рэпетаваць, каб упэўнена адчуваць сябе на сцэне!). На самім шоў ўдзельнікі прадставяць 10-хвілінны расповед пра сваё чытанне, суддзі абяруць пераможцу, а вы можаце заўзець і задаваць падступныя пытанні. Прызы ўдзельнікам — вядома, кніжныя, ад OZ.by

На працягу ўсяго фэсту

“Праз плячо …”: выстава работ Ліліі Бусаравай

Абрыўкі сноў і выхаванне… Аскепкі фраз і вобразаў… Мыслеформы і мыслетворы… Пытанні ў чаканні адказаў… Такімі тэзісамі можна ахарактарызаваць выставу работ мастачкі Ліліі Бусаравай, выкананых у змешанай тэхніцы: акрыл, алоўкі, калаж і… старыя кнігі…

 

 

Адкажам на ўсе пытанні ў сацыяльных сетках фестываля:

https://www.facebook.com/yafest.minsk

https://vk.com/yafest.minsk

https://www.instagram.com/yafest.minsk

Leave a Reply