Фестываль інтэлектуальнай кнігі

Беларускія незалежныя выдавецтвы ў Беларусі і за мяжой

1 min read

Адной з мэт фестывалю PRADMOVA з’яўляецца папулярызацыя беларускай інтэлектуальнай кнігі. Таму склалі для вас спіс беларускіх выдавецтваў, якія працуюць унутры і па-за межамі краіны (а таксама пазначылі спосабы пакупкі і дастаўкі кніг). 

 

Выдавецтвы “Янушкевіч” і “Кнігаўка”

Тое самае выдавецтва, у якім выйшлі па-беларуску “Гары Потэр” і “Вядзьмар”. Зараз у Польшчы кнігі выходзяць пад двума гандлёвымі маркамі (імпрынтамі). Актыўна друкуюць замежныя бестселеры (нядаўна быў падпісаны кантракт са Стывенам Кінгам!), прозу, паэзію беларускіх аўтараў і дзіцячыя кнігі. Тут вы сапраўды зможаце знайсці кнігі на любы густ.

Дзе купіць: у электронным варыянце ў прыкладанні Google Play Books, на маркетплэйсе https://allegro.pl/  (у папяровым варыянце з дастаўкай у краіны Еўропы), у Беларускім Моладзевым Хабе ў Варшаве. Таксама неўзабаве адчыніўся сайт выдавецтва: https://knihauka.com/ Некаторыя кнігі выдавецтва можна набыць у Беларусі: у кнігарнях “Кніжная Шафа” і Marks, на Kniger.by, у краме выдавецтва “Тэхналогія” і на OZ.by.

 

Выдавецтва “Пфляўмбаўм”

Жаночае выдавецтва, якое мае на мэце спрыянне літаратурнаму выказванню пісьменніц, аўтар_ак+, якія лічаць жаночы вопыт у той ці іншай ступені сваім.

Тут ёсць і вершы Вальжыны Морт, і проза Евы Вежнавец, і графічны раман іранскай аўтаркі Маржан Сатрапі. Менавіта гэтае выдавецтва выдала тры тамы выбраных вершаў беларускіх паэтак – Яўгеніі Пфляўмбаўм, Зінаіды Бандарынай і Наталлі Вішнеўскай – актыўных удзельніц літаратурнага руху сярэдзіны 1920-х гг.

Дзе купіць: кнігі дасяжныя як у Беларусі, так і за яе межамі. Даведацца пра магчымыя спосабы пакупкі і дастаўкі можна ў сацсетках выдавецтва.

 

Выдавецтва “Тэхналогія”

Выдавецтва спецыялізуецца на выпуску навуковай і навукова-папулярнай літаратуры. Тут можна знайсці такія кнігі, як “На што хварэў Скарына” Мікалая Сарокі, “Картаграфія ВКЛ ад 15 да сярэдзіны 18 стагоддзя” Станіслава Александровіча, “Культура сексуальных стасункаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI–XVII стст.” Наталлі Сліж і “Еўрапейскія пуцявіны Францішка Скарыны” Аляксандра Калбаскі.

А для дзяцей у “Тэхналогіі” ёсць “Круглыя казкі” Надзеі Ясмінскай, “Ледзяны волат” Сакрыса Тапеліюса, “Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў” Андрэя Скурко, “Скарына дзеткам” Тацяны Сапегі і “Добры доктар Будзь-Здароў” Карнея Чукоўскага. 

Дзе купіць: на сайце можна купіць кнігі “Тэхналогіі” і іншых выдавецтваў (часам гэта апошнія экзэмпляры), дастаўка – па ўсім свеце. Да “Тэхналогіі” можна завітаць у госці – іх крама месціцца ў Мінску ў раёне Кавальскай Слабады.

 

Выдавецтва Gutenberg Publisher

Новае выдавецтва, якое пакуль выпусціла не так шмат кніг, але іхні “Беларускі народны соннік” ужо займеў вялікую папулярнасць. Акрамя кніг Gutenberg Publisher ствараюць беларускамоўныя гульні і друкуюць старажытныя мапы. 

Дзе купіць: на сайце выдавецтва, а дастаўка ёсць па ўсім свеце, нават у Беларусь (праўда, да 2 кг).

 

Выдавецтва “Скарына” (Skaryna Press) 

Беларускае выдавецтва ў Лондане, якое не так даўно з’явілася на кніжным рынку, але ўжо мае цікавы кніжны асартымент: паэзія Ганны Комар, Артура Камароўскага, Дзмітрыя Рубіна, пераклад нобелеўскай лаўрэаткі Ані Арно, проза Уладзіслава Гарбацкага. 

Дзе купіць: у электронным варыянце на Google Play Books і Apple Books, у папяровым – у інтэрнэт-кнігарні выдавецтва, на сайтах Lulu і Amazon. Дастаўка ажыццяўляецца па ўсім свеце. У Вільні можна купіць у Akademinė knyga (Universiteto g. 4).

 

Выдавецтва Vesna

Незалежнае выдавецтва, задуманае як працяг – хай сабе і сціплы – слаўнай традыцыі беларускага кнігадрукавання ў Празе. Vesna выдае як арыгінальную беларускамоўную літаратура, так і перакладную. Тут вы можаце набыць кнігі Мойшэ Кульбака, Альгерда Бахарэвіча, Юлі Цімафеевай. Менавіта ў гэтым выдавецтве выйшаў поўны збор твораў Таццяны Сапач – паэткі, перакладчыцы і журналісткі, а таксама зборнік тэкстаў Фелікса Аксёнцава да песень рок-гуртоў «Уліс», «Бонда», «Крама».

Дзе купіць: на сайтах https://allegro.pl/, Kniger.by, праз кантакт на сайце выдавецтва.

 

Выдавецтва hochroth Minsk

Адкрыта ў Германіі на пачатку 2023 года і спецыялізуецца на выданні кніг сучаснай беларускай паэзіі. На гэты час выдадзены шэсць паэтычных зборнікаў: Крысціны Бандурынай, Вольгі Злотнікавай, Артура Камароўскага, Ганны Комар, Насты Кудасавай і Ганны Севярынец. 

Дзе купіць: звяртацца па адрасе: berlin@hochroth.eu. Кнігі можна замаўляць з дастаўкай у краіны Еўропы.

 

Фонд Kamunikat.org

Фонд Kamunikat.org у асноўным займаецца выданнем гістарычнай і навукова-папулярнай літаратуры. Тут вы знойдзеце кнігі Уладзіміра Арлова, перавыданне “(Не)расстраляных”, раман Уладзіміра Някляева “Гэй Бэн Гіном”. Ёсць тут і паэзія – напрыклад, зборнік вершаў Ганны Янкуты “Канстытуцыя”. 

Апошнім часам Фонд Kamunikat.org актыўна выпускае аўдыёкнігі. Творы Уладзіміра Арлова, Барыса Пятровіча, Алеся Аркуша, Андрэя Федарэнкі, Артура Клінава, Адама Глобуса, Валерыя Гапеева і Вінцэся Мудрова цяпер можна не толькі чытаць, але і слухаць. Зусім нядаўна ў аўдыёфармаце з’явілася кніга Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночы твар”. 

Яшчэ на сайце www.kamunikat.org можна знайсці безліч кніг у электронным варыянце. 

Дзе купіць: на сайце Kamunikat.org альбо праз e-mail shop@kamunikat.com. Дастаўка – па ўсім свеце.

 

Выдавецтва Koska

Незалежнае выдавецтва, якое спецыялізуецца на выданні дзіцячай літаратуры. У асноўным гэта перакладная літаратура, са шведскай, нарвежскай, французскай моваў. У выдавецтве выходзілі кнігі Юі Вісландэр, Свэна Нурдквіста, Астрыд Ліндгрэн, Сары Лундберг, Ульфа Старка, Эмы Адбоге, Стыяна Холе і іншых аўтараў. Але ёсць і кнігі беларускіх аўтараў – напрыклад, “Як пазбыцца Маматута” Марыі Мартысевіч і “Плыў па моры чамадан” Васіля Віткі.

Дзе купіць: выдавецтва не мае свайго сайта, кнігі можна набыць у выдавецтве “Тэхналогія”, на knihi.by, у “Акадэмкнізе” і кнігарні Marks, у крамах “Белкніга” ды іншых кнігарнях.

 

Выдавецтва Рамана Цымберава

Друкуе як мастацкую, так і навукова-папулярную літаратуру. Менавіта тут выйшлі кнігі “Купала і Колас жартуюць”, “250 унікальных турыстычных маршрутаў па маёй Беларусі. Кніга 1”, каталог “Традыцыйны строй” і рэтра-проза ВІнцэся Мудрова “Гарачы парафін”. 

Дзе купіць: у інтэрнэт-краме і ў краме 41-42 ў падземным ГЦ “Купалаўскі” на Кастрычніцкай плошчы. Акрамя сваіх кніг, там вялікі выбар кніг іншых выдавецтваў. З дадатковых паслуг –  кур’ерская дастаўка, перасылка поштай па Беларусі і за мяжу. 

За мяжой кнігі можна купіць:

  • у Варшаве, у “Беларускай кнігарні”(Oleandruw, 6, другі паверх). Кнігі дасылаюцца поштай па Польшчы і свету.
  • у Вільні, у Цэнтры беларускай культуры і супольнасці (Vilniaus g., 20), у кнігарні “Гартайка” (прыватная школа “Стэмбрыдж”).
  • у беларускай інтэрнэт-кнігарні ў ЗША litarka.com.

 

Імпрынт Skarynyčy 

Імпрынт з’явіўся нядаўна, на ягоным рахунку кніга “Побач” – сумесная праца паэткі Насты Кудасавай і мастачкі Святланы-Сафіі Дземідовіч, зборнік прозы “Тастамент Рагвалода” Алеся Аркуша.

Купіць кнігі можна ўсімі спосабамі, што пералічаныя ў тэксце пра выдавецтва Рамана Цымберава.

 

Выдавецкая каманда “Вільма”

Каманда, якая надрукавала кнігу-бестселер Сяргея Лескеця “Шэпт”. Твор стаў настолькі папулярным, што Вільма зрабілі ягонае перавыданне з дадатковымі здымкамі. Ёсць на кніжным рахунку выдавецтва і паэтычны зборнік – “Цела мігдалу” Ганны Шакель, які многім прыйшоўся даспадобы. 

Дзе купіць: можна ў кнігарні “Кніжная Шафа”, на Kniger.by, у Акадэмкнізе, на сайце выдавецтва “Логвінаў”.

 

Выдавецтва “Логвінаў”

Адно з самых дасведчаных незалежных выдавецтваў Беларусі. Выдаюць як аўтарскую, так і перакладную літаратуру. На іх рахунку вялікая колькасць кніжных бестселераў, якія вельмі хутка распрадаюцца. Цяпер у наяўнасці ёсць сямейная сага “За сіняй гарой” Мэіра Шалева, “Малая падарожная кніжка па Горадзе СОНца” Артура Клінава, паэтычны зборнік “Вялесава племя” Змітра Крэса. “Логвінаў” прадаюць і кнігі іншых выдавецтваў.

Дзе купіць: на сайце выдавецтва, у кнігарнях “Кніжная Шафа” і Marks, на Kniger.by.

 

Выдавецтва “Папуры”

Вядомае тым, што перавыдае класіку беларускай літаратуры. Кнігі “Новая зямля” Якуба Коласа, “Знак бяды” Васіля Быкава, “Людзі на балоце” Івана Мележа ў новым дызайне вельмі хочацца мець у сваёй бібліятэцы. Акрамя таго, выдае кнігі для дзяцей як беларускіх аўтараў (напрыклад, “Ева намалявала коніка” Святланы Татарнікавай, “Марта і яе мара пра снег” Ганны Янкуты), так і пераклады (творы Астрыд Ліндгрэн, Марціна Відмарка, Сюзаны Ізерн і інш., серыя кніг “Хвілінкі-цікавінкі” для самых маленькіх).

Дзе купіць: у Беларусі ў кнігарні “Параграф 45”, на Kniger.by, на OZ.by, на biblio.by, на Wildberries. Яшчэ кнігі можна купіць анлайн і афлайн у некаторых краінах Еўропы, падрабязная інфармацыя ёсць на сайце выдавецтва.

 

Выдавецтва “Славянка” 

Выдавецтва адчынілася нядаўна і пакуль надрукавала толькі адну кнігу пад назвай “Каток-пестунок”, гэта вершы на беларускай мове для дзяцей ад 0 да 100 гадоў. Укладальнік кнігі – Васіль Дранько-Майсюк, ілюстратарка – Надзя Бука. 

Дзе купіць: кнігу можна замовіць на сайце выдавецтва з дастаўкай па Польшчы (ёсць варыянты дастаўкі за мяжу).

Праект “33 кнігі для іншай Беларусі”

Ініцыятыва “33 кнігі для іншай Беларусі” мае на мэце паспрыяць выхаду прынамсі 33 кніг, якія ў цяперашніх умовах не могуць пабачыць свет у Беларусі.

Для гэтага праект стварае сетку выдавецтваў-партнёраў з розных еўрапейскіх краін, гатовых часова дапамагаць з выпускам беларускіх кніг. Ініцыятыва выпускае беларускія кнігі ў друкаваным выглядзе і ў электронным фармаце. На дадзены момант выйшла дзве кнігі: “Нетутэйшыя: Reversion” —  анталогія беларускай эксперыментальнай драматургіі канца ХХ — пачатку ХХI стагоддзя і нямецкамоўнае выданне кнігі Астапа Слівінскага “Слоўнік вайны”.

 

Выдавецтва “Полацкія лабірынты”

Выдавецтва мае на сваім рахунку дзве кнігі – “Алесь” (пра нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага) і “Сірэны спяваюць джаз” Тацяны Нядбай. Кнігу “Алесь” можна набыць на allegro.pl.

 

Выдавецтва “Мова 365” 

Гэтая выдавецкая ініцыятыва выпускае слоўнік-каляндар “Мова вольных”. У 2023 годзе моваў было чатыры: беларуская, украінская, польская і англійская. У выпуску 2024 года будуць беларуская, англійская і мовы розных краін, у якіх жывуць беларусы. Набыць слоўнік-каляндар можна на сайце http://mova365.club.

 

Выдавецтва Змітра Коласа, “Галіяфы”, “Кнігазбор”

Гэтыя выдавецтвы на дадзены момант не могуць працаваць у Беларусі, але іх кнігі ўсё яшчэ прадаюцца ў крамах. Напрыклад, серыя “Паэты планеты” выдавецтва Змітра Коласа, дзіцячая кніга “Ах, якая цудоўная краіна Панама” Янаша ад “Галіяфаў”, дзіцячыя вершы Рыгора Барадуліна “У ката Мірона чорная карона” ад “Кнігазбора” і многія іншыя кнігі можна знайсці ў крамах “Кніжная Шафа”, Marks, “Акадэмкніга”, “Белкніга”, на knihi.by.

 

1 thought on “Беларускія незалежныя выдавецтвы ў Беларусі і за мяжой

Leave a Reply