Пяць дыскусій і прэзентацый PRADMOVA, якія можна паглядзець у Дзень Волі
1 min readСёння — 106-я гадавіна абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. У Дзень Волі мы прапануем вам пяць дыскусій і прэзентацый, якія, на наш погляд, падыходзяць да тэмы ўрачыстасці. Усе імпрэзы можна паглядзець, клікнуўшы па спасылках, на нашым YouTube-канале.
1) Дыскусія “Пошукі будучыні: ці можа літаратура паяднаць раскіданую нацыю?” з удзелам Уладзіміра Арлова, Святланы Курс, Уладзіміра Някляева. Мадэратарка Марына Казлоўская.
Беларуская літаратура ў ХІХ – на пачатку ХХ стагоддзя была адным з самых дзейсных інструментаў фарміравання нацыянальнай свядомасці. У часы савецкага эксперыменту па стварэнні “чырвонага чалавека” менавіта літаратура захоўвала, падтрымлівала і развівала беларускасць. Ці здольнае пісьменства сёння, у часы рэпрэсій, унутранай і знешняй эміграцыі, у новых цывілізацыйных умовах справіцца з падобнай задачай? І ці мусіць гэта рабіць?
Кніга Сяргея Абламейкі “Чаму Беларусь не Расея” — зборнік гістарычных і культуралагічных эсэ, прысвечаны падзеям 2020 года і стану нацыянальнага развіцця беларусаў. Падчас дыскусіі Сяргей Абламейка і Уладзімір Арлоў абмяркоўваюць балючыя і спрэчныя пытанні гісторыі Беларусі і Расіі.
3) Прэзентацыя кнігі “Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча” Уладзіміра Арлова.
“Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча” — другая частка знакамітай кнігі “Айчына. Ад Рагнеды да Касцюшкі”, што пабачыла свет яшчэ ў 2016. Новая кніга, выдадзеная пры падтрымцы фонда “Kamunikat”, прысвечаная ХІХ стагоддзю і такім героям, як Эмілія Плятэр і Міхал Валовіч, Валер Урублеўскі і Зыгмунт Серакоўскі, пісьменнікам Адаму Міцкевічу і Яну Баршчэўскаму, вучоным Марціну Пачобуту-Аляніцкаму і Ігнату Дамейке, нарадавольцу Ігната Грынявіцкаму, нацыянальнаму герою Кастусю Каліноўскаму.
Ці згодныя вы з самім тэрмінам і феноменам геапалітыкі ў вызначэнні таго, што сабой уяўляе гісторыя развіцця таго або іншага рэгіёна? Смаленск, які быў нядаўна абвешчаны беларускім і еўрапейскім па духу горадам, ці сапраўды можа пахваліцца падобным гістарычным вектарам свайго развіцця? Смаленскае княства – хутчэй арбіта Вільні, Кіева ці Масквы? Беласток і Падляшша – тэрыторыі, чый гістарычны вектар развіцця быў прадвызначаны ці яго прыналежнасць да Польшчы гістарычная выпадковасць? Беларускае і ўкраінскае Палессе – рэгіён з уласным лёсам і вынік штучных размежаванняў або натуральная частка дамінантных этнасаў? Беларусь у цэлым як рэгіён – ці можна сцвярджаць, што яе еўрапейская перспектыва сёння можа трывала абаперціся на гістарычны падмурак?
Удзельнікі дыскусіі: Віктар Якубаў (кандыдат навук), Наста Ільіна (доктарка навук, вядоўца праграмы Intermarium), Валер Булгакаў (кандыдат навук, выдавецтва “Архэ”). Мадэратар – Алег Дзярновіч (кандыдат навук, гісторык і археолаг).
5) Прэзентацыя кнігі “Беларуская нацыянальная ідэя 3: на вайне”
У кнізе сабраныя 67 інтэрв’ю, прысвечаныя таму, як заставацца беларусам нават у далёкім замежжы і як заставацца чалавекам нават на вайне. Гэтым разам сярод герояў кнігі як прадстаўнікі “маладой дыяспары” з Польшчы, Літвы альбо Грузіі, так і тыя беларусы, якія з’ехалі за мяжу шмат гадоў таму, каго раскідала па абодвух кантынентах — беларусы ЗША і Канады, Бразіліі і Аўстраліі, Ізраіля і Новай Зеландыі. Да ўсяго, сярод герояў кнігі сапраўдныя героі — тыя беларусы, хто ваюе за свабоду Украіны і Беларусі ў Палку імя Каліноўскага, батальёне “Тэрор”, Палку “Пагоня”, у шэрагах Збройных сіл Украіны.
Удзельнікі: Мадэратар − Зміцер Лукашук. Удзельнікі: Стась Карпаў, Святлана Курс, Аляксандр Чарнуха.