Фестываль інтэлектуальнай кнігі

Пошукі будучыні: каманда і наведвальні_цы PRADMOVA 2023 пра фестываль

1 min read

Галоўная тэма сёлетняй Прадмовы — пошукі будучыні.

Галоўнае слова сёлетняй Прадмовы — Дзякуй. Абавязкова з вялікай літары.

Дзякуй вам за тое, што глядзелі, слухалі, чыталі і любілі разам з намі. Дзякуй за тое, што набывалі кнігі. Дзякуй за абмеркаванні, каментары, знаёмствы і сустрэчы. Дзякуй за моц і падтрымку. 

Мы імкнёмся, каб людзі цікавіліся літаратурай, асабліва сваёй, каб знаходзілі літаратурныя скарбы, чыталі дзецям і дзяліліся кнігамі з сябрамі і блізкімі.

Каманда фестывалю PRADMOVA прадстаўляе вытрымкі з водгукаў удзельнікаў і ўдзельніц, а таксама ўласныя каментары да фестывалю ў 2023 годзе. Фестываль, які ахоплівае розныя гарады і культурныя асяродкі, стаў пляцоўкай для важных дыялогаў, літаратурных адкрыццяў і культурнага абмену.


Павел Баркоўскі. Дырэктар фестывалю PRADMOVA

Фестываль у гэтым годзе атрымаўся дастаткова разнастайным у плане праграм і складу ўдзельнікаў. Безумоўна, ёсць рэчы, якія супадаюць паўсюль: гэта і гандаль беларускімі кніжкамі, і фарматы прэзентацый, дыскусій, паэтычных чытанняў. Але каманды, што рыхтавалі розныя гарады і пляцоўкі фестывалю PRADMOVA, намагаліся прыўнесці нешта адмысловае.

Фестываль у Батумі ўражваў сваёй разнастайнай дзіцячай і забаўляльна-творчай праграмай, якая адбывалася паралельна з інтэлектуальнымі сустрэчамі, чытаннямі і абмеркаваннямі ў мультыфункцыянальнай прасторы “аКсяродак”. Гэта атрымаўся, як падаецца, найбольш лёгкі і антыстрэсавы сеанс Прадмовы ў гэтым сезоне, што адчулі на сабе, хочацца спадзявацца, і ўдзельнікі, і госці фестывалю. Вялікая колькасць мясцовых аўтараў – грузінскіх паэтаў і перакладчыкаў – дазволіла беларусам лепей зразумець мову і культуру гэтай пераважна экзатычнай для іх краіны. Гарачыя абмеркаванні і шчырыя размовы з пераможцай прэміі Гедройця Святланай Курс (Евай Вежнавец), паэтам Стасем Карпавым, музычным крытыкам і журналістам Аляксандрам Чарнухам таксама надалі мерапрыемству сваю адметную атмасферу, як і гарадскі шансон беларускага барда Змітра Бартосіка.

Фестываль у Варшаве, у надзвычай важным і імпэтным месцы для беларусаў Польшчы, адзначыўся вялікай тэатральнай праграмай, дзе адбываліся таксама размовы паміж аўтарамі і рэжысёрамі спектакляў на вельмі актуальныя для беларусаў тэмы. Удзел у дыскусіях і прэзентацыях прымалі такія вядомыя беларускія аўтары, як Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева, Саша Філіпенка, Андрэй Хадановіч, Святлана Курс і многія іншыя. Акрамя беларускіх удзельнікаў, гасцей фестывалю маглі парадаваць размовы з прадстаўнікамі польскай літаратурнай і інтэлектуальнай традыцыі – Дамінікай Словік, Кшыштафам Чыжэўскім, Славамірам Серакоўскім. Таксама вельмі значным было абмеркаванне будучыні ўніверсітэтаў у кампаніі з брытанска-амерыканскім даследчыкам Стывенам Фулерам. Атмасферная Ноч паэзіі, навінкі беларускіх выдавецтваў у замежжы, унікальная выстава пераможцаў конкурсу маладых ілюстратараў і дызайнераў кнігі ART PRADMOVA і канцэрт зорак беларускай сцэны стваралі незабыўнае ўражанне.

Віленская PRADMOVA была найбольш узнёсла-паэтычнай і міжкультурнай. Са сцэны фестывалю гучалі вершы ў арыгінале і перакладах на літоўскай, эстонскай, беларускай, рускай мовах пры ўдзеле аўтараў з трох краін Балтыі, Нямеччыны, а таксама беларусаў. Надзвычай моцныя інтэлектуальныя прэзентацыі і абмеркаванні, вельмі напружаная і гарачая дыскусія пра літоўска-беларускія стасункі, якая нікога не пакінула абыякавым – гэта складнікі фестывальнага кактэйлю. Усё адбывалася ў надзвычай файным і стылёвым памяшканні бара Павільёнас, там была вельмі ўтульная і разняволеная атмасфера. Паэты Андрэй Хадановіч, Уладзімір Някляеў, Дзмітрый Строцаў, Сабіна Брыло, Ганна Шакель, Сяржук Сыс, літаратары Вольга Гапеева, Сяргей Лескець, Сяргей Шупа – гэта далёка не поўны спіс цікавых постацяў фестывалю.

Далей была анлайн-PRADMOVA, якая была паўнавартаснай пляцоўкай фестывалю на працягу трох дзён. Абмеркаванні беларускай культурнай спадчыны, новых і старых тэкстаў, практык дэкаланіяльнага і фемінісцкага пісьма, сустрэча з дзвюма вельмі яркімі амерыканскімі даследчыцамі – Марсі Шор і Эліс Бемпарад, а таксама цудоўнымі беларускімі аўтаркамі – Таццянай Заміроўскай і Ганнай Севярынец, вядомымі беларускімі і замежнымі філосафамі, а таксама літаратурай паўночнай Ісландыі – спакус для гасцей фестывалю было шмат.

Нарэшце, беластоцкая сесія фестывалю парадавала гарачымі гістарычнымі дыскусіямі з удзелам вядомых беларускіх гісторыкаў і даследчыкаў, паэтычнымі і музычнымі імпрэзамі. Тут адбываўся дыялог з мясцовай супольнасцю беларусаў Падляшша, якія маюць багатую літаратурную і культурную спадчыну і гатовыя ёй дзяліцца з іншымі беларусамі. Сярод імпрэз былі сустрэча з вядомым беларускім філосафам Валянцінам Акудовічам, паэтамі Валянцінай Аксак, Уладзімірам Някляевым, Ганнай Комар, Алесем Аркушам, лаўрэатамі прэмій імя Багушэвіча і Адамовіча, якія ўручаліся падчас фестывалю. І фінал мерапрыемства – Ноч (не)расстраляных паэтаў у надзвычай утульным асяродку культуры імя Л. Заменгофа – тое, што мусіла запомніцца гасцям фестывалю надоўга.

Агулам хочацца падзякаваць усім арганізатарам, удзельнікам і найперш гасцям фестывалю. Вельмі ўсцешвае, што вялікая колькасць людзей працягваюць назіраць за нашымі імпрэзамі з Беларусі. І адмыслова з гэтых прычын мы ладзім стрым-трансляцыі ўсіх асноўных падзей фестывалю, каб нашы беларускія падпісчыкі маглі пасля ўтульна і бяспечна назіраць за імі на YouTube. Вельмі хочацца, каб беларуская культура і кніга развіваліся далей, каб у іх было больш чытачоў і слухачоў, а беларусы маглі з гонарам даводзіць усяму свету сваю прыналежнасць да ўнікальнай і адметнай сучаснай еўрапейскай культурнай традыцыі. Жыве Кніга, Жыве Беларусь, Жыве PRADMOVA!


Марына Казлоўская. Куратарка варшаўскай пляцоўкі PRADMOVA

Галоўнае, чаго мы мусім дасягнуць, каб мець будучыню, а не пачынаць усё наноў, з пакалення ў пакаленне блукаючы па зачараваным коле нашай трагічнай гісторыі, − захаванне і ўмацаванне нашай салідарнасці, немагчымае без уважлівага ўслухоўвання адно ў аднаго, без дыялогу людзей розных поглядаў, каштоўнасцей і ўяўленняў пра жыццё. Варшаўская Прадмова была адным з такіх крокаў да пошуку ўзаемапавагі і паразумення, а таксама праяўлення сябе: мы ёсць, мы жывыя, раскіданыя па розных краінах, падзеленыя межамі, мы не страцілі здольнасці ствараць. 

Варшаўская Прадмова парадавала максімальнай разнастайнасцю праграмы: удзельнікаў і гасцей фестывалю чакалі дыскусіі на літаратурныя, гістарычныя і філасофскія тэмы, прэзентацыі кніг і размовы з аўтарамі розных пакаленняў і розных поглядаў (Уладзімірам Арловым, Алесем Аркушам, Уладзімірам Някляевым, Сашам Філіпенкам, Альгердам Бахарэвічам, Настай Кудасавай, Юляй Цімафеевай), абмеркаванне перспектыў выдання  беларускіх кніг на замежных мовах і прэзентацыі замежных кніг (Дамінікі Словік, Іллі Камінскага), выдадзеных па-беларуску, размова пра будучыню адукацыі са Стывам Фулерам і абмеркаванне магчымасцей беларускай квір-літаратуры, прэзентацыі выдавецтваў і выдавецкіх серый (“Камунікат”, “Мяне няма”, “hochroth Minsk”, “Gutenberg”, “Skaryna”, “Pogranicze”), літаратурных (Litradio) і навуковых (зін Pamylka, “Шрыфтавы Архіў”) праектаў. 

Звышнасычаную праграму фестывалю разнастаіў канцэрт беларускіх гуртоў (Iva Sativa, Сяржук Доўгушаў, Пётр Клюеў, NAVIBAND, luty sakavik), Спеўны сход з Сержуком Доўшукавым, Ноч паэзіі, ДЗВЕ тэатральныя пастаноўкі па творах беларускіх пісьменнікаў (“Плошча Перамогі” паводле Альгерда Бахарэвіча і “Ціхары” паводле Сашы Філіпенкі) і размовы аўтараў з рэжысёрамі (Аляксандрам Гарцуевым і Сашай Дзянісавай), выстава фіналістаў конкурсу маладых ілюстратараў ART PRADMOVA.

Так, мы змаглі паглядзець на сябе з розных бакоў, асэнсаваць тое становішча, у якім апынуліся сёння, і парадавацца сваім дасягненням.

Радасна, што ўсе гэтыя імпрэзы знайшлі сваю аўдыторыю, што беларусы ў Беларусі маглі далучыцца на інтэлектуальнага марафону анлайн, каб адчуць сябе сваімі сярод сваіх, што беларусы, размаўляючы з замежнымі ўдзельнікамі фестывалю, змаглі адчуць сябе часткай сусвету, якая ўмее слухаць і якой ёсць што сказаць. 


Калектыўны водгук ад каманды Беластока

Знаходжанне на фестывалі PRADMOVA ў Беластоку аказалася захапляльным досведам у культурнай прасторы. Унікальная лакацыя, насычаная праграма і разнастайнасць мерапрыемстваў пакінулі моцнае ўражанне. Немагчымасць выбару паміж заламі (кожны з якіх быў напоўнены ўласнай энергіяй) стварала прыемнае пачуццё насычанасці падзеямі.

Кірмаш кніг уразіў разнастайнасцю прадстаўленых твораў. Мерапрыемства “Мальцы выходзяць з-пад кантролю” прыцягнула ўвагу сваёй і нават стала падставай для набыцця кнігі.

“Спеўны сход з Сержуком Доўгушавым” весела аб’яднаў усіх прысутных, напоўніўшы прастору энергіяй і пазітывам. Адзначу высокую актуальнасць дыскусіі пра палітвязняў ад Яўгеніі Долгай і Леаніда Судаленкі — важная тэма, якая заслугоўвае ўвагі.

Адбылося паглыбленне ў літаратурнае жыццё Падляшша. Кранальныя вершы (не)расстраляных паэтаў і факты з дыскусіі пра гарачыя кропкі беларускай гісторыі неверагодна ўразілі. Квіз апынуўся займальным, з цікавымі пытаннямі.

 

Наведвальніца Віленскай PRADMOVA

Я за год жыцця ў Вільні не адчувала падобнага досведу салідарнасці і падтрымкі. Мерапрыемствы фестывалю ўвасаблялі ідэю ўзаемадзеяння і дыялогу, ствараючы атмасферу яднання. Праграма была разнастайнай, уключала ў сябе літаратурныя дыскусіі, паэтычныя чытанні. Асабліва ўразіла атмасфера Ночы паэзіі, дзе гучалі вершы на некалькіх мовах.

Вельмі спадабалася лакацыя бара і атмасфера восені вакол, асобны дзякуй за магчымасць паглядзець і набыць папяровыя кнігі на беларускай мове.

 

Наведвальнік Віленскай PRADMOVA

Сёлета асабліва захаплялі інтэлектуальныя прэзентацыі і дыскусіі, насычаныя глыбокім зместам і прасякнутыя духам сусветнай літаратуры. Моманты, калі са сцэны гучалі вершы на розных мовах, пакінулі адчуванне адзінства і ўзаемаразумення сярод разнамоўных удзельнікаў, выдатна, што паклікалі літоўскіх аўтараў. Дзякуй арганізатарам, я нават тры кнігі паспеў урваць:)



Напрыканцы хочам сказаць, што “Пошукі будучыні” як старонкі ў кнізе, якую дзень пры дні пішам мы самі. Кожнае рашэнне, кожны выбар, кожны крок — гэта словы, якія мы штодня дадаём да сваёй гісторыі.

Як у кнігах, так і ў жыцці мы часта сутыкаемся з нечаканымі паваротамі сюжэта, інтрыгамі і невядомасцю. Як героі ўласнай кнігі, мы даследуем, марым, шукаем свой шлях.

І, як аўтары, мы маем свабоду выбару: мы можам напісаць сваю гісторыю так, як нам хочацца. Літаратура дае нам інструменты для стварэння ўласнай будучыні. Мы можам натхняцца кнігамі, шукаць адказы на пытанні і знайсці той сэнс, які надасць нашаму жыццю глыбіню і значнасць.

У пошуках будучыні мы знаходзім не толькі адказы на пытанні аб тым, што чакае нас наперадзе, але і якімі людзьмі мы хочам стаць. Пошукі будучыні — гэта натхненне і рух наперад у надзеі на лепшыя часы.

Leave a Reply