Фестываль інтэлектуальнай кнігі

Меркаванне журы пра конкурс «Шуфлядка» 2025

1 min read

Пакуль журы вырашаюць, хто з намінантаў конкурсу трапіць у кароткі спіс, мы публікуем водгук на сезон ад аднаго з сябраў журы:

“Найперш пра тое, што навідавоку: твораў для дзяцей і падлеткаў прыйшло на разгляд удвая болей, чым у намінацыю “масавыя жанры”, а ў “масавых жанрах” болей чым палова прадстаўлена фантастыкай і фэнтэзі. Пра што сведчыць другі з гэтых фактаў? Як паглядзець. Магчыма, пра прагу цудаў, якіх даўно не здаралася ў нашай рэальнасці. Магчыма, пра інфантылізаванасць грамадства, якое такі попыт транслюе: з казкамі ўтульней і весялей. А магчыма, што сыход ад рэальнасці правакуе сама рэальнасць, у якой многім робіцца невыносна. Як бы там ні было, але якасцю пададзеныя на разгляд творы розняцца там і там: і ў стосе фантастыка/фэнтэзі, і ў “рэалістычным” ёсць і слабейшае, і мацнейшае. Цікава назіраць у табліцы баруканне твораў пра вядзьмарак і цмокаў з творамі, галоўныя героі якіх – кампьютарныя праграмы і дальнабойшчыкі на касмічных трасах.

Адны аўтары намінацыі “масавыя жанры” шукаюць будучыню, другія захраслі ў мінулым. Нехта напрыдумляў новых слоў, нехта спрабуе дабіцца эфектаў ненарматыўнай лексікай. Першае выдае недзе эксперыментатара, а недзе ўсяго толькі няўдалы пераклад слоў і выразаў з іншай мовы, другое вылучаецца тым, што робіцца хутчэй проста так, а не дзеля надання натуральнасці персанажу ці атмасферы або для эмацыйнай афарбоўкі пэўных момантаў. А гэта выдае адсутнасць моцы. У “рэалістычным” стосе ёсць творы, якія можна назваць літаратурным шансонам. У стосе фантастыка/фэнтэзі ёсць наўмысныя ці ненаўмысныя перайманні ідэй папулярных пісьменнікаў ХХ стагоддзя.

Пераходзім да агляду твораў для дзяцей і падлеткаў. Прыемна, што іх не так мала, як іншых. І што ёсць за што ў гэтай намінацыі ставіць больш высокія балы. І што ёсць тут такія творы, якія могуць выклікаць у дарослага чалавека жаданне чытаць іх дзецям перад сном не толькі ў межах выканання бацькоўскай місіі: нешта ў іх прызначана для дзяцей, а нешта і для дарослых. Тонкі гумар і вынаходлівасць падкупляюць. Ёсць настолькі відовішчныя сюжэты, што хоць ты рабі з іх мультфільмы. Іншымі словамі, у гэтай намінацыі канкурэнцыя досыць вострая, і на этапе вызначэння лепшага з лепшых выбар мяркую, будзе пакутлівы.

З недахопаў. Некаторыя аўтары перыядычна забываюцца, для каго яны пішуць, пераходзяць на “дарослую” мову, а потым “успамінаюць”, спахопліваюцца. Такая цераспалосіца вельмі заўважная. Недзе сюжэт для дзіцяці, але філасофію, закладзеную ў гэты сюжэт, зразумееш не раней, чым станеш падлеткам. Ёсць тэксты павучальныя, дыдактычныя, што не добра і не кепска, а проста канстатую як факт. І вось яшчэ што выяўляецца: на ўсведамленне дзіцяці беларусам з усіх прадстаўленых твораў спрацуюць бадай толькі два.

Намінацыя “нон-фікшн” яўна ў заняпадзе. І гэта дзіўна, бо якраз на гэтай ніве ў нашай літаратуры назіраецца непачаты край. Шырачэннае поле магчымасцей і процьма барознаў, у якіх іх можна ўрабляць. Адных толькі біяграфій вядомых асоб у самых розных галінах дзейнасці, падарожжаў у прасторы і часе, загадак, якія чакаюць хаця б якіх версій, – пісаць не перапісаць. Многія нішы нон-фікшн у нас літаральна пустуюць, нікім не занятыя, а ў тых, якія нехта заняў, відавочны недабор канкурэнтаў. Між тым, чытацкі попыт на нон-фікшн вялікі. Людзей цікавіць гісторыя, грамадства мае патрэбу ў героях. Калі літаратура выхоўвае, дык дакументальная яшчэ і адукоўвае. У рэшце рэшт, праўда неверагодней, чым якая заўгодна прыдумка, пра што яшчэ Марк Твен нам казаў, і гэтым таксама прывабная. Словам, доўгі спіс намінацыі атрымаўся зусім не доўгім. Але ёсць амаль цэлы год (калі мераць у межах “Шуфлядкі”), каб нагнаць, навярстаць. Пабачым.

Аналізуючы тое нешматлікае, што прыйшло ў “нон-фікшн”, што можно сказаць? Героі ўсіх твораў без выключэння – іх аўтары. Няма даследаванняў чужых біяграфій, жыццяў тых, пра каго дакладна трэба ведаць нашчадкам. Тым часам, самарэфлексіі цікавей для сваіх, а шырокую публіку вабяць імёны. Зрэшты, конкурсная намінацыя – не люстэрка, яна не адбівае сапраўдны стан спраў у канкрэтным жанры, і таму вельмі верыцца ў тое, што ЖЗЛ недзе пішуцца і дойдуць яшчэ да “Шуфлядкі”.

Leave a Reply