Фестываль інтэлектуальнай кнігі

Конкурс рукапісаў “Шуфлядка” – час рыхтаваць рукапісы

1 min read
Пачатак зімы - час надыходу дзён чараўніцтва і радасных спадзяванняў. Фестываль "PRADMOVA" таксама жадае спрычыніцца да цудоўнай атмасферы зімовых свят і... анансуе новы конкурс рукапісаў “Шуфлядка”!

Мэты конкурса:
– падвысіць цікавасць чытачоў і аўтараў да масавых жанраў;
– падтрымаць аўтараў, як маладых, гэтак і тых, хто даўно і плённа піша;
– каб рукапісы рабіліся кнігамі, канешне!

Што гэта за конкурс? Чым ён адрозніваецца ад іншых?
Мы падумалі-падумалі і вырашылі, што самы час запачаткаваць конкурс менавіта рукапісаў, а не кніг. Для тых, хто толькі пачынае шлях у літаратуры і для тых, хто стала піша, але не мае зараз магчымасці выдавацца.

Конкурс мае адбыцца ў трох намінацыях:
– дзіцячая і падлеткавая літаратура;
– нон-фікш, гістарычная і дакументальная проза;
– масавыя жанры – дэтэктыў, фэнтэзі, фантастыка, прыгоды.

Ніякіх абмежаванняў па ўзросту, гендеру, месцу пражывання аўтараў няма; але рукапіс мусіць быць пададзены на беларускай мове. (Так, гэта азначае, што можна падаць свой арыгінальны твор у перакладзе на беларускую). Прыз пераможцам у намінацыях: дапамога ў выданні кнігі праз выдавецтва. Дарэчы, журы будзе чытаць рукапісы, не ведаючы, хто іх аўтар!

“Шуфлядка” мае адбыцца ў некалькі этапаў:
Збор заявак – студзень-люты;
Доўгі спіс – сакавік;
Кароткі спіс – красавік;
абвяшчэнне лаўрэатаў – травень.
(У графіку могуць быць змены).

Больш дакладная інфармацыя пра этапы, а таксама Статут конкурсу будуць апублічаныя на пачатку студзеня. Збор заявак будзе арганізаваны праз гугл-форму і электронную пошту shuflyadych@gmail.com.

Сачыць за навінамі пакуль можна ў сацсетках “PRADMOVA” (@pradmova)

Час разгрузіць шуфляды!

Сайт конкурса: https://shufladka.pradmova.eu/

Leave a Reply