Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA адбудзецца ў Варшаве на гэтых выходных
1 min readНа працягу чатырох дзён, з 6 па 9 кастрычніка, у Варшаве адбудзецца фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA. Гасцей варшаўскага фэсту чакае вельмі насычаная праграма: яны змогуць наведаць літаратурныя мерапрыемствы, выставу пераможцаў конкурсу ART PRADMOVA, паказ спектакляў “Плошча Перамогі” паводле рамана Альгерда Бахарэвіча і “Ціхары” паводле кнігі Сашы Філіпенкі, а таксама канцэрт, дзе выступяць Iva Sativa, Сяржук Доўгушаў, Пётр Клюеў, NAVIBAND, luty sakavik.
Таксама PRADMOVA ў Варшаве ўключыць у сябе сустрэчы з літаратарамі, прэзентацыі арыгінальных і перакладных кніг, дыскусіі па гісторыі, філасофіі і мастацтве, публічныя лекцыі, Ноч паэзіі, кніжны кірмаш і, вядома ж, сустрэчы са знаёмымі і сябрамі.
Сярод удзельнікаў і ўдзельніц фестывалю літаратары і літаратаркі Алесь Аркуш, Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Наста Кудасава, Святлана Курс (Ева Вежнавец), Уладзімір Някляеў, Дамініка Словік, Дзмітрый Строцаў, Саша Філіпенка, Андрэй Хадановіч, Юля Цімафеева; сацыёлаг Стыў Фулер; тэатральныя гуру Аляксандр Гарцуеў, Юрый Дзівакоў; філосафы і інтэлектуалы Павел Баркоўскі, Максім Жбанкоў, Славамір Серакоўскі і іншыя.
Уваход на большасць мерапрыемстваў вольны, але на некаторыя івэнты спатрэбіцца набыць квіток ці прайсці абавязковую рэгістрацыю на сайце (звярніце ўвагу, што імпрэзы на старонцы праграмы клікабельныя).
Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA
Адрас правядзення фестывалю: ul. Foksal, 11
6 кастрычніка (пятніца) з 16:45
7 кастрычніка (субота) з 10:00
8 кастрычніка (нядзеля) з 11:00
9 кастрычніка (панядзелак) з 17:40
Поўная праграма на сайце PRADMOVA.
Больш інфармацыі пра івэнты ў сацсетках