Фестываль інтэлектуальнай кнігі

Сяргей Календа і размова пра кароткую прозу: дзе рэзаць і чым фарбаваць

Арганізатары: Gutenberg Publisher, Валянціна Андрэева

Удзельнікі: Сяргей Календа, Валянціна Андрэева

Час і месца: 5 кастрычніка 2024, субота, Вільнюс, 15.00-16.00

“Стрыжэ і піша” Сяргея Календы – гэта некалькі дзясяткаў камічных, а часам сумных і нават жахлівых гісторый з працоўнага досведу цырульніка.

Як аўтар адчувае сябе ў крэсле аўтара “пад нажніцамі” рэдактара? Чым пафарбаваць тэкст, каб яго чыталі?

На імпрэзе Сяргей прачытае некалькі кароткіх апавяданняў з новай кнігі, раскажа, як яна стваралася і што (і чаму) туды не ўвайшло.

“Стрыжэ і піша” – шчырыя, а часам і даволі правакатыўныя гісторыі. Пра людзей, якія прыходзяць да Сяргея Календы стрыгчыся на працягу апошніх 20 гадоў. Але ў першую чаргу яны – пра самаго Сяргея. Пра ягоны цырульніцкі шлях – са старэйшых класаў школы, калі ён, скончыўшы курсы, стаў стрыгчы людзей, да цяперашняй працы ў Вільні. Пра працу на здымнай кватэры, пра цырульні з гаспадарамі і гаспадынямі рознай ступені адэкватнасці. Пра модныя паказы і пра салон пры вялікім гатэлі. Пра навучанні – і ў якасці студэнта, і ў якасці выкладчыка. Пра працу ў розных краінах. Пра форсмажоры і факапы. І розныя нестандартныя ўратаванні з безвыходных, падавалася б, сітуацый” (з блогу kniznyja_razmovy).

Глядзець імпрэзу анлайн.