Прэзентацыя кнігі Іллі Камінскага “Рэспубліка глухіх” у перакладзе Юліі Цімафеевай і Вальжыны Морт
Арганізатары: Skaryna Press
Удзельнікі: Юлія Цімафеева
8 кастрычніка 2023, Варшава (пляцоўка А), 13.00-13.40
Дзеянне “Рэспублікі глухіх” разгортваецца ў перыяд палітычнай смуты на адной акупаванай тэрыторыі. Хаця месца і час дакладна не вызначаныя, падаецца, што ў тых жудасных падзеях мы пазнаем сваю эпоху і сваю краіну. Ашаламляльная вершаваная прыпавесць, якая па форме нагадвае драматычны твор, адкрываецца сцэнай забойства акупантамі глухога хлопчыка Пеці. Стрэл, які падштурхоўвае жыхароў да пратэсту, – апошні пачуты імі гук. Горад глухне, і ў гэтай цішы мова жэстаў робіцца мовай іх маўклівага супраціву. Кніга расказвае гісторыі прыватнага жыцця гараджан ва ўмовах публічнага гвалту: пары маладажонаў, Соні і Альфонса, якія чакаюць дзіця; адважнай Мамулі Галі, якая распачынае бунт у сваім лялечным тэатры; Галіных лялечніц, што ўдзень таемна вучаць жыхароў мове жэстаў, а ўначы завабліваюць салдат па адным і забіваюць за тэатральнай заслонай.
Адначасова гісторыя кахання, элегія і палітычны памфлет, “Рэспубліка глухіх” гучыць як перасцярога і ставіць пад пытанне наша калектыўнае маўчанне перад абліччам жорсткасці і гвалту. “Глухія не вераць у цішыню, – піша Ілля Камінскі. – Цішыню прыдумалі тыя, хто чуе”.
Tags: Юля Цімафеева, Рэспубліка глухіх, пераклад, паэзія, Ілля Камінскі, вершы, Варшава, Вальжына Морт, 2023,