“Авантурнік Сімпліцысімус”: прэзентацыя новага выдання рамана Грымэльсгаўзэна
Арганізатары: PRADMOVA
Удзельнікі: выдавец і перакладчыкі
Час і месца: 5 кастрычніка 2024, субота, Вільнюс, 17.40-18.00
Прэзентацыя новага выдання рамана Ганса Якаба Крыстофэля фон Грымэльсгаўзэна, якое з нямецкай пераклаў Васіль Сёмуха, а прадмову да кнігі напісала Галіна Сініла.
Германія часоў Трыццацігадовай вайны — гэта свет Ганса Якаба Крыстофэля фон Грымэльсгаўзэна (1622 — 1676), чый «Авантурнік Сімпліцысімус» выйшаў з друку ў 1668 годзе і з’яўляецца найвыбітнейшым творам літаратурнага барока Еўропы. Галоўная тэма рамана — тэма народу, узьвялічанне селяніна і яго працы.
Раней кніга выходзіла па-беларуску ў 1997 годзе у выдавецтве “Мастацкая літаратура”.
[…] Раман Грымэльсгаўзэна – несумненная вяршыня прозы барока, яго найбольш яскравы ўзор. І, бадай што, ні адзін з твораў той эпохі не стаў такім бязлітасна праўдзівым дакументам свайго часу, як “Сімпліцысімус”[…] Гэта раман пра лёс народны і лёс чалавечы ў смутны, страшны, хаатычны час, раман пра блуканні і пакуты чыстай душы, якая не можа не запляміць сябе брудам і брыдотай гэтага свету, але не можа і не змагацца за сваю цнатлівасць і праведнасць. Гэта трагічны твор, насычаны нястрымнай весялосцю, якая яшчэ больш падкрэслівае трагічнасць часу. У ім гучыць гамерычны смех, бо народ і ў самыя цяжкія часіны не страчвае гумару, здольнасці смяяцца са свету і з сябе, гэта сапраўды выратавальны смех. (Галіна Сініла, Прадмова, фрагмент)
Імпрэза адбудзецца з удзелам выдаўцоў і рэдактара.