PRADMOVA

Фестываль інтэлектуальнай кнігі

Прэзентацыя выдавецкай ініцыятывы “Вільма”: Сяргей Лескець “Шэпт”, Ганна Шакель “Цела мігдалу”, беларускі пераклад кнігі “Танец мядзведзяў” Вітольда Шаблоўскага

Арганізатары: Выдавецкая ініцыятыва "Вільма"

Удзельнікі: Сяргей Лескець, Ганна Шакель

14 кастрычніка 2023, Вільнюс, 16.00 – 17.20

“Вільма” – новая выдавецкая ініцыятыва, якая мае на сваім рахунку дзве кнігі і вялікія планы на наступныя выданні.

“Шэпт” Сяргея Лескеця – кніга нон-фікш, палявыя запісы з экспедыцый і падарожныя нататкі аўтара.

Аўтар кнігі дзевяць гадоў таму задумаў вялікае падарожжа ў свет беларускай вясковай магіі. Марай была серыя партрэтаў носьбітаў самай закрытай і абароненай традыцыі лекаваць словам. Ад вёскі да вёскі праз вандроўкі ён шукаў чараўніц, знахарак і траўніц. У кнізе чытач зможа адчуць смак падарожжа і амаль зніклы свет традыцыі. Жыццёвыя споведзі, лекавыя практыкі і ўсе дыялогі перададзеныя на гаворках, якімі знахаркі карыстаюцца ў жыцці. Першы тыраж кнігі паспяхова раскупілі, выдавецкая каманда выпусціла перавыданне.

 

“Цела мігдалу” Ганны Шакель – дэбютны зборнік вершаў. Паэтка даследуе чалавечую душу і яе шлях праз род, карані і памяць; паэзія ў гэтым зборніку – спосаб гаварыць пра мінулае, якое не дае спакою.

У вершах спалучаюцца біблейскія вобразы і фальклорныя матывы. Творы ў кнізе ствараюць цэльны наратыў, у цэнтры якога – канцэнтраваная беларуская рэфлексія над сабой і светам. Кампазіцыю кнігі трапна завяршаюць пераклады вершаў Дэвіда Герберта Лоўрэнса.

 

 

“Танец мядзведзяў” – двухактавы зборнік гісторый польскага аўтара Вітольда Шаблоўскага пра посткамуністычныя краіны і тое, як няпроста выбірацца з-пад абломкаў імперый ды ідэалогій.

Гэта цікавая, злабадзённая і месцамі вельмі смешная калекцыя гісторый пра людзей, жывёл і іх дзіўныя звычкі. На беларускую мову кнігу пераклала Адэля Дубавец.

 

 

 

Tags:

ШэптЦела мігдалуСяргей ЛескецьпрэзентацыяГанна ШакельвыдавецтваВітольд ШаблоўскіВільнюсВільма2023