PRADMOVA

Фестываль інтэлектуальнай кнігі

Што пачытаць: кніжныя блогі ў Instagram

1 min read

Ці чытаце вы кнігі па парадах блогераў? Сабралі для вас сем блогаў у Instagram пра беларускую і сусветную літаратуру. Мы апісалі адметнасці кожнага акаўнта і дадалі некалькі кніг, пра якія распавядаецца ў кожным з блогаў.


1) kniznyja_razmovy — блог, у якім яго аўтарка Кацярына распавядае пра кнігі, якія яна чытае сама альбо са сваімі дзецьмі. Агляды на кнігі ў блогу выходзяць часта і дапоўнены атмасфернымі здымкамі. Адметнасцю блога з’яўляецца тое, што Кацярына распавядае там толькі пра кнігі па-беларуску — нашых пісьменнікаў альбо замежных, але ў перакладзе на беларускую мову.

Кнігі: Ганна Янкута “Час пустазелля”, Сяргей Жадан “Anarchy in the Ukr”, Надзея Ясмінска “Снегурумі”, К.С. Льюіс “Хронікі Нарніі. Конь і яго хлопчык”.


2) homa_bellit — блог, які вядзецца ад асобы хамяка Хомы. У ім Хома дзеліцца ўражаннямі ад прачытаных кніг, праводзіць паседжанні клуба аматараў аўдыякніг, посціць літаратурныя (і не толькі) мемы, стварае літаратурныя квізы і нават мае свой падкаст.

Кнігі: Марыя Вайцяшонак “На прызбе ў Сілічах”, “Сіндбад-Мараход” у пераказе Алёны Масла, Мікалай Улашчык “Была такая вёска…”.


3) serg_by_books — блог, створаны “з любоўю да кніг”, як яго апісвае аўтар Сяргей. Ён вучыцца на псіхолага і чытае вельмі розныя кнігі, але пераважна беларускія (ці па-беларуску). У блогу вельмі прыгожыя фотаздымкі кніг, нават проста гледзячы на іх, хочацца кінуць усе справы і пачаць чытаць. Яшчэ Сяргей праводзіць кніжны клуб у Гродна (калі вы адтуль, то дакладна раім падпісацца). Сёлета Сяргей прыдумаў чэлендж — цэлы год ён чытае кнігі, якія параілі яму падпісанты.

Кнігі: Джэк Лондан “Марцін Ідэн”, Кацярына Оаро “Сарочае радыё”, Майсей Кульбак “Зельманцы”, Нікі Сэнт Кроў “Кароль Нэвэрлэнда”.


4) exlibris.belarus — мікрамедыя “пра літаратуру ў час апакаліпсісу”. У ім людзі з розным культурным бэк-граўндам (мастакі, журналісты, пісьменнікі, філолагі, арт-менеджары) раяць падпісантам некалькі кніг. Яны даюць кароткае апісанне і расказваюць пра свае ўражанні ад прачытанага. Напрыклад, можна пачытаць кнігі, якія параіла паэтка Вальжына Морт альбо журналіст Мікіта Мелказёраў.

Кнігі: Юля Цімафеева “ROT”, Таццяна Катовіч “УНОВІС”, Алан і Барбара Піз “Адказ”, Юля Арцёмава “Я і ёсць рэвалюцыя”.


5) taja_kacia — блог Кацярыны, якая распавядае пра беларускія кнігі, посціць мемы, падборкі вершаў, а таксама параўноўвае кнігі падобнай тэматыкі. А яшчэ Кацярына прызнаецца, што так “шмат чытала белліт, што назвала ката Гервасіем”.

Кнігі: Сяргей Лескець “Шэпт”, Дуглас Адамс “Аўтаспынам па галактыцы”, Наста Кудасава “Я працягваю”, Пятро Васючэнка “Жаласлівая каралеўна”.


6) knihi_z_lupaj — блог пра беларускія кнігі, дзе яго аўтарка робіць агляды, стварае топы кніг пэўнай тэматыкі, распавядае пра лёсы пісьменнікаў і посціць падборкі цытат. У блогу закранаюцца і іншыя літаратурныя тэмы, напрыклад, прэміі для аўтараў альбо тэрміналогія літаратурных жанраў.

Кнігі: Сяргей Пясецкі “Запіскі афіцэра Чырвонай арміі”, Аляксандр Чарнуха “Свінні”, Алесь Бяляцкі “Халоднае крыло радзімы”, Тамара Аўсяннікава “Любачка”.


8) lesya_znichka — блог, у якім яго аўтарка Леся пакідае водгукі на кнігі, расказвае пра навіны літаратуры, дзеліцца трапнымі цытатамі. Для аглядаў Леся абірае як класіку, так і сучасныя бестсэлеры. Блог вельмі густоўна аформлены, хочацца адразу купіць такія ж кнігі, каб яны гэтак жа прыгожа стаялі на палічках:)

Кнігі: Ала Грын “Кобальтавы дракон”, Аямада Хірока “Нара”, Наваль Саадаві “Жанчына на нулявым пункце”, Іван Мележ “Людзі на балоце”.

Leave a Reply