PRADMOVA

Фестываль інтэлектуальнай кнігі

МІНІ-ГАЙД ПА СТАРОНКАХ ФЕСТЫВАЛЮ

1 min read

ВІТАЕМ НА САЙЦЕ ФЕСТЫВАЛЮ “ПРАДМОВА”. МІНІ-ГАЙД ПА СТАРОНКАХ

 

Ад імя каманды фестывалю інтэлектуальнай кнігі рады вас вітаць на нашай новай старонцы. Тут вы зможаце атрымаць найбольш свежую інфармацыю пра бягучыя падзеі фестывалю.

Для лепшай арыентацыі па нашым сайце прапануем невялічкі гайд, які патлумачыць, што і дзе вы зможаце тут адшукаць.

 

Старонка падзеленая на некалькі вартых цікавасці рубрык:

НАВІНЫ пераважна паведамляе пра сам Фестываль і яго падзеі. Пра тое, што адбудзецца ці, наадварот, не адбудзецца, дзе, калі і якім чынам. Для тых, хто хоча заўжды быць абазнаным, гэта найбольш каштоўная спасылка.

 

ІДЭЯ для аматараў друкаванага слова. Якім хочацца дакладна ведаць, пра што думаюць гэтыя дзіўныя людзі, якія робяць фестывалі. Што ў іх галовах і чаму яны робяць фестывалі так, а не інакш. Засцярога: шмат літар і залішне разумных словаў!

 

КАМАНДА чакана дае кароткія звесткі пра тых, хто рыхтуе падзеі фестывалю. Гэта тыя людзі, якіх вы зможаце шчыра любіць ці ненавідзець праз пэўны час.

 

У ПАРТНЁРЫ варта завітаць тым, хто хоча запэўніцца, што ў фестывальнай каманды моцныя тылы і ўсю гэтую вар’яцкую працу яны робяць не апрычона, а ў сяброўстве з іншымі арганізацыямі і праектамі. Якія дапамагаюць ці тое словам, ці тое справай, ці тое сваім рэсурсам. За што мы ім безумоўна шчыра дзякуем.

 

АРХІЎ паведаміць, як фэст праводзіўся раней. Можна ўважліва пачытаць пост-рэліз першага фестывалю, памедытаваць над буклетам кніжнай выставы ці пазаставацца ў скрусе з нагоды чытання ранейшай праграмы і асэнсавання, што я туды ўжо ніяк не патраплю.

 

Рубрыка СЯБРЫ надзвычай істотная для сёлетняга фестывалю. Па-першае, гэта ваша магчымая падтрымка і спрыянне нашаму праекту. Па-другое, частка мерапрыемстваў фестывалю адбудзецца ў фармаце “па запрашэнні”, па запісу. І будучыя сябры фестывалю натуральна будуць карыстацца адмысловымі прэферэнцыямі ў справе: а як туды зрэшты трапіць?!

 

КНІГІ – гэта інфармацыя пра тое, чым жывуць сёння беларускія выдавецтвы, якія кнігі яны выпускаюць і што вартае ўвагі на паліцах нашых кніжных крамаў. Не абяцаем стоадсоткавую справаздачу, але самымі цікавымі нагодамі ў галіне інтэлектуальнай кнігі абяцаем дзяліцца.

 

У МЕДЫЯ могуць завітаць аматары чытання незалежнай ці залежнай прэсы: паглядзець як пра першы фестываль пісалі розныя выданні, якія нам давалі ацэнкі і на што там рабілі акцэнты. Увага: проста ВЕЛЬМІ шмат літар – лонгрыд на ўсю ноч.

 

І, нарэшце, звярніце ўвагу на ахайныя іконкі на галоўнай старонцы сайту. Яны не проста аздабляюць знешні выгляд і цешаць гэтым нашага дызайнера. Праз іх вы можаце перайсці на каштоўныя спасылкі. Першая і другая пімпачкі пакажуць шлях да нашых старонак у сацыяльных сетках, дзе ёсць магчымасць бачыць розныя цікавыя пасты і ўдзельнічаць у абмеркаваннях. Трэцяя пімпачка скіруе на наш ютуб-канал, дзе выкладзеныя відэа-матэрыялы з мінулага году і будуць з’яўляцца матэрыялы новага сезону. Чацвертая пімпачка прывядзе на Інстаграм-канал: абяцаем шмат фотачак і нагод паставіць сваю падабайку. І апошняя, пятая пімпачка дае спасылку на RSS-рассылку: як вам не цікава вандраваць па ўсім сайце, вы зможаце прачытаць ўсю новую інфу ў адным акенцы.

 

Апошняе: калі вам вельмі карціць знайсці нешта адмысловае на нашай старонцы, скарыстайцеся пімпачкай пошуку ўнізе вітальнай старонкі сайту.

 

Жадаем прыемнага чытання! Заставайцеся з намі!

Leave a Reply