Беларускія літаратурныя падкасты: што паслухаць?
1 min readПадкасты становяцца ўсё больш папулярнымі, іх колькасць увесь час павялічваецца. Мы сабралі для вас падборку беларускіх падкастаў пра літаратуру. Спадзяемся, штосьці з гэтага вы ўжо слухаеце, а штосьці — дададзіце сабе ў плэйліст.
1) “Белліт” — беларускамоўны падкаст пра літаратуру, які вядзе філалагіня, перакладчыца, супрацоўніца кнігарняў “Кніжная Шафа” і “Кнігаўка” Наста Карнацкая. У ім Наста распавядае пра навінкі і класіку, пра беларускаую і сусветную літаратуру, пра цікавыя літаратурныя факты і падзеі. У падкаста ўжо 115 выпускаў, а таксама ёсць сайд-праект — кніжны клуб “Анягож”, у якім Наста са сваёй калегай па “Кніжнай Шафе” філалагіняй Настай Анцімонік і перакладчыкам Сяргеем Матыркам абмяркоўваюць прачытаныя кнігі.
▶️ Слухаць падкаст можна на Spotify, Google Podcasts, Apple Podcasts, YouTube, SoundCloud і іншых платформах.
2) “Кніжная шафа” — падкаст аднайменнай мінскай кнігарні, які вядуць яе супрацоўніцы — Наста Карнацкая і Наста Анцімонік. У падкасце яны распавядаюць пра мілыя, дзіўныя, незвычайныя, смешныя і сумныя гісторыі, якія здараюцца з імі і наведвальнікамі кнігарні. Таксама Насты дзеляцца топамі продажаў “Кніжнай шафы” і распавядаюць пра кнігі, якія зараз чытаюць.
▶️ Падкаст можна слухаць на розных платформах, усе спасылкі тут.
3) “Каля літаратуры” — адзін з трох падкастаў праекта Litradio, госці якога — гэта людзі, звязаныя з літаратурай, але не наўпрост. Ці звязаныя не толькі з літаратурай. Таму размовы балансуюць на мяжы пісьменніцтва і іншых дысцыплін. Вядзе яго пісьменніца, перакладчыца і рэдактарка Марыя Лапо. Сярод выпускаў можна знайсці гутаркі з крытыкам і літаратурзнаўцам Ціханам Чарнякевічам, кіраўніцай выдавецтва Gutenberg Валянцінай Андрэевай, гісторыкам і піьсменнікам Сцяпанам Стурэйкам.
▶️ Паслухаць падкаст можна на Spotify, YouTube, Google Podcasts, Apple Podcasts і іншых платформах.
4) “Супердудко” — гэта яшчэ адзін падкаст Litradio, які вядзе літаратар Андрэй Дудко. “Найсуб’ектыўнейшы падкаст пра беларускую літаратуру. Татальная густаўшчына і найлепшыя суразмоўцы па абодва бакі дзяржаўнай мяжы. І яшчэ: Андрэй Дудко першы, хто здагадаўся размаўляць з літаратар_камі, папярэдне прачытаўшы іх тэксты” — так апісваюць падкаст яго стваральнікі. Вы можаце знайсці гутаркі з крытыкам Настай Грышчук, пісьменнікам, лаўрэатам прэміі Гедройця Іллём Сінам, з паэткай, перакладчыцай, лаўрэўткай прэміі Шэрмана Верай Бурлак.
▶️ Слухаць падкаст можна Spotify, YouTube, Google Podcasts, Apple Podcasts і іншых платформах.
5) “Адкуль бяруцца кнігі” — трэці падкаст ад Litradio, ён менавіта пра пісьменніцтва і складаецца з асабістых гісторый беларускіх аўтараў і аўтарак, іх творчых правілаў і практычных пісьменніцкіх парадаў.
Героі падкасту распавядаюць, якія траўмы, успаміны дзяцінства, месцы, каханні, няўдачы ды выпадковасці паўплывалі на іх творчасць. Таксама разважаюць пра механіку пісьма: натхненне і пісьменніцкія страхі, важнасць дысцыпліны і штодзённых рытуалаў, крыніцы сюжэтаў, першыя спробы, чарнавікі і канцоўкі. І, вядома ж, пра тое, што прыўносіць у іх жыццё пакутлівы і прыцягальны працэс пісьма.
У падкаста ёсць выпускі з пісьменніцай Таццянай Заміроўскай, з паэтам Дзмітрыем Строцавым, з пісьменнікам Сашам Філіпенкам.
▶️ Слухаць падкаст можна Spotify, YouTube, Google Podcasts, Apple Podcasts і іншых платформах.
6) “Кніжны Хома” — падкаст, які вядзецца ад асобы хамяка Хомы. Ён чытае кнігі сваіх “скураных” гаспадароў і распавядае пра гэта ў падкасце. На дадзены момант выйшлі тры выпускі — у іх Хома распавядае пра кнігу “Восень у Вільні” Вінцэся Мудрова, “Віленскіх камунараў” Максіма Гарэцкага і “Энеіду навыварат”.
▶️ Усе спасылкі, каб паслухаць, знаходзяцца тут.
7) “Белліт пад піва” — падкаст, які з’яўляецца самым незвычайным па сваім фармаце: тры дзяўчыны п’юць піва і разважаюць пра прачытаныя беларускія кнігі.
Напрыклад, пра “Вечар” Аляксея Дударава, “Золата ў агні” Францішкі Уршулі Радзівіл, “Пялёсткі” Уладзіміра Дубоўкі.
▶️ Усе спасылкі для праслухоўвання сабраныя тут.