Фестываль інтэлектуальнай кнігі

Беларускія інтэрнэт-часопісы і сайты пра літаратуру

1 min read

У эпоху сацсетак не ўсім хапае часу і канцэнтрацыі, каб зайсці на сайт і прачытаць лонг-рыд. Але мы спадзяемся, што аматары такога чытва ёсць сярод вас, таму склалі падборку інтэрнэт-часопісаў, pdf-выданняў і сайтаў пра літаратуру.


Bellit.info — сайт пра навіны беларускай літаратуры. Тут вы зможаце знайсці інфармацыю пра новыя кнігі, творчыя імпрэзы пісьменнікаў, вынікі беларускіх прэмій, выхад свежых выпускаў падкастаў ці YouTube-шоў пра літаратуру. 

Акрамя гэтага, на сайце ёсць асобныя цікавыя раздзелы, напрыклад “Персаналіі” — у ім сабраныя біяграфіі многіх беларускіх аўтараў, “Маніторынг” — раздзел пра парушэнні моўных правоў у Беларусі, “Архіў” — адсканаваныя дакументы і фота з асабістых спраў былых сябраў Саюза пісьменнікаў БССР.

Яшчэ на сайце ёсць падборка аўдыё і відэа пра літаратуру.

Litradio — сайт, на якім вы знойдзеце празаічныя і вершаваныя тэксты, крытыку і падкасты. Самі стваральнікі праекту кажуць пра сябе так: “Нефарматныя аўтары, мабільныя эксперты ды санітары лёсу. Партызаны друкаванага слова”. І дадаюць, што хочуць “Вольна выказвацца. Ствараць новыя сэнсы. Качаць энергію”

Напрыклад, на сайце ёсць вершы Уладзя Лянкевіча, пераклады Сяргея Шупы, апавяданне Таццяны Заміроўскай. Вельмі разнастайны раздзел “Крытыка” — там можна пачытаць рэцэнзіі на кнігі і эсе пра пэўныя з’явы белліта — напрыклад, рэцэнзіі на “Slomo” Максіма Жбанкова, на кнігу “Па што ідзеш, воўча?” Евы Вежнавец, эсэ пра прэмію Цёткі і дзіцячую літаратуру і многае іншае.

Taubinpoetry.com — інтэрнэт-часопіс TAUBIN, прысвечаны паэзіі ва ўсіх яе праявах: у ім публікуюць вершы сучасных беларускіх паэтаў, пераклады паэзіі, крытыку на зборнікі вершаў і інтэрв’ю з аўтарамі.

Тут ёсць і вершы як вядомых аўтараў і аўтарак, так і тых, для каго публікацыя ў TAUBIN стала дэбютнай.

Юля Цімафеева, Артур Камароўскі, Арцём Лонскі, Ігар Крэбс, Ганна Севярынец, Ігар Кулікоў, Андрэй Хадановіч, Ганна Янкута — вось кароткі спіс аўтараў і перакладчыкаў, творы якіх прадстаўлены на сайце.

Uzhmedia.com — анлайн-часопіс “УЖ”, дзе можна пачытаць урыўкі з новых кніг, вершы, прозу, інтэрв’ю з аўтарамі і аўтаркамі, эсэ пра мастацтва, квірнасць і справядлівасць.

Яшчэ на сайце ёсць крытычныя артыкулы з аглядамі кніг.

Аўтаркі і аўтары, якія публікуюцца ў часопісе “УЖ” — Тоні Лашдэн, Чынгіз Палятаеў, Таня Аліпчыкава, Вікторыя Трыфанава, Саша Мятліцкая, Алена Іванюшэнка, Павел Шык і іншыя.

Fihury.org — сайт праекту “Фігуры замоўчвання”. Гэта праект пра жаночае пісьмо на мяжы публіцыстычнага і мастацкага, які падгучвае галасы тых, каму часта не давалі прасторы для гаварэння, і выносіць у публічнае поле тэмы, якія не прынята абмяркоўваць.

У анлайн-часопісе публікуюцца тэксты, напісаныя жанчынамі тут-і-цяпер, і распавядаюцца гісторыі пра нашых выбітных папярэдніц у літаратуры. Акрамя гэтага ў праекта “Фігуры замоўчвання” ёсць кніжныя сустрэчы і пісьменніцкія лабараторыі.

Аўтаркі “Фігур”: Ганна Комар, Вікця Удовіна, Сеня Лукашэня, Дар’я Трайдэн, Кася Гапеева і іншыя.

Літаратурная Беларусь” — гэта не зусім сайт, дакладней, зусім не сайт, але абмінуць увагай такую з’яву ў беларускай літаратуры мы не маглі. Гэта літаратурная анлайн-газета, якая выходзіць у фармаце pdf раз на месяц.

Там ёсць і паэзія, і проза, і крытыка, і эсэ, і нарысы пра гісторыю літаратуры…

Хто публікуецца ў “Літаратурнай Беларусі”: Ала Петрушкевіч, Ціхан Чарнякевіч, Аляксандр Чарнуха, Андрэй Сцепанюк, Аксана Спрынчан, Паліна Дваранская, Дар’я Мацеша і шмат іншых аўтараў і аўтарак.

“Дзеяслоў” — беларускі незалежны часопіс, які нядаўна перастаў выходзіць на паперы, але працягвае выходзіць у pdf-версіі. “Дзеяслоў” складаецца з асобных рубрык паэзіі, прозы, дэбютных публікацый, перакладаў, эсэ пра мастацтва і культуру і успамінаў. У часопісе ёсць спецыяльная рубрыка — анкета “Дзеяслова”, у якой пісьменнікі і пісьменніцы адказваюць на (каля)літаратурныя пытанні, ствараючы па-філасофску разважлівыя інтэрв’ю.

Хто публікуецца ў “Дзеяслове”: Уладзімір Някляеў, Лусінэ Маскалюнец, Леанід Дранько-Майсюк, Алена Лепішава, Сяргей Шапран, Барыс Пятровіч, Дар’я Ліс і іншыя.

Penbelarus.org — сайт аб’яднання пісьменнікаў — Беларускага ПЭНа. На ім можна знайсці інфармацыю пра літаратурныя прэміі (за розныя жанры літаратуры і нават за найлепшую кніжную вокладку), конкурсы, стыпендыі для пісьменнікаў і замежныя рэзідэнцыі.

На сайце Беларускага ПЭНа можна прачытаць навіны пра ход прэмій, інтэрв’ю з сябрамі арганізацыі, эсэ пра культуру, а таксама азнаёміцца з маніторынгам парушэння культурных правоў і аналітычнымі матэрыяламі, напрыклад, пра русіфікацыю ў сферы культуры.

Prajdzisvet.org — анлайн-часопіс перакладной літаратуры “Прайдзісвет”. На жаль, на дадзены момант сайт з’яўляецца архівам і не абнаўляецца. Там захоўваюцца перакладная проза, паэзія, драматургія і нават субтытры да фільмаў. А яшчэ ёсць крытычныя артыкулы і інтэрв’ю.

Напрыклад, там вы можаце пачытаць пераклады вершаў Гіёма Апалінера, Эмілі Дыкінсан і Джыма Морысана — саліста гурта The Doors, прозу Ханса Крысціяна Андэрсэна, Альбера Камю, Вольгі Такарчук, п’есы Вацлава Гавэла, Фернанду Песоа, Габрыэлы Запольскай.

Перакладчыкі часопіса: Ганна Янкута, Юля Цімафеева, Андрэй Хадановіч, Сяргей Сматрычэнка, Кацярына Маціеўская, Уладзь Лянкевіч, Антон Францішак Брыль і іншыя.

Bellit.store — сайт водгукаў на беларускамоўныя кнігі. Сайт створаны па ініцыятыве пісьменніка Валера Гапеева. Мэта праекта: распавесці чытачам пра новыя беларускія кнігі. На сайце ёсць водгукі на дзіцячую і падлеткавую літаратуру, фэнтэзі, паэзію, прозу, нон-фікшн і на пераклады.

Кожны можа даслаць свой водгук на беларускую кнігу, напісаўшы на адрас list@bellit.store. А калі вы аўтар, і хацелі б атрымаць водгук на свой твор, яго можна даслаць на той жа самы e-mail. Яшчэ на сайце ёсць функцыя каментароў — можна падыскутаваць пра кніжкі альбо пра рэцэнзіі на іх.

“ЛітРАЖ” — віртуальны літаратурны часопіс, дзе публікуецца паэзія, проза, пераклады, крытыка і эсэістыка. Тут вы можаце знайсці вершы Андрэя Адамовіча, Ігара Бабкова, Сяргея Прылуцкага, пераклады Чарльза Букоўскі, Юрыя Іздрыка і Альфансіны Сторні, прозу Наталлі Станкевіч, Максіма Шчура, Паліны Качатковай, эсэістыку Алеся Анціпенкі, Максіма Жбанкова і Наталкі Харытанюк.

 

 

 

Leave a Reply