БЕЛАРУСКІ ФЕСТЫВАЛЬ ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЙ КНІГІ PRADMOVA І ВЫСТАВА-ПРОДАЖ КНІГ БЕЛАРУСКІХ І ЗАМЕЖНЫХ ВЫДАВЕЦТВАЎ
Фестываль “Pradmova” ёсць найперш месцам сустрэчы: беларускай кнігі — з яе чытачамі; лідараў думкі і майстроў слова — са сваёй аўдыторыяй; класікі — з яе новым прачытаннем і актуалізацыяй, культурных інавацый — з адэкватнай ацэнкай і пашырэннем, а саміх беларусаў, незалежна ад сённяшняй лакацыі, — з уласнымі мовай і культурай як крыніцай самапазнання і самапавагі, — перад выклікамі новага часу, у еўрапейскім і сусветным кантэксце, у свабоднай творчасці, у дыялогу і паразуменні.
Таму наш фестываль – гэта больш, чым “забаўляльны фармат” або супольнасць тых, хто любіць спажываць “разумныя кнігі”, але гэта і не элітарны клуб, куды заказаны ўваход тым, “хто не цягне”. Гэта хутчэй шырокая культурніцкая ініцыятыва, якая імкнецца праз рэалізацыю ўласных мэт і задач, уцягваючы ў іх вырашэнне розныя супольнасці і генерацыі, садзейнічаць глабальным мэтам развіцця нацыі і краіны, каб беларуская культура ўрэшце заняла “свой пачэсны пасад” сярод іншых культур Свету.
Нашы галоўныя каштоўнасці, якія мы вызнаём самі і да якіх шчыра заахвочваем нашых удзельнікаў і гасцей, — гэта перадусім свабода слова і творчага самавыяўлення, пашана да культурнай разнастайнасці, узаемная салідарнасць і недапушчальнасць дыскрымінацыі у дачыненні да ўсіх людзей або груп, павага да нацыянальных традыцый і шанаванне годнасці і адказнасці за сваю краіну і культуру, імкненне да экспертнасці і інтэлектуальнага лідарства як агульны гарызонт перспектыўнага развіцця беларускай культуры і грамадства. Мы выступаем супраць таталітарных і дэструктыўных ідэалогій, якія транслююць ідэі нянавісці і гвалту.
Падзяляючы гэтыя каштоўнасці, мы імкнёмся з іх дапамогай спрыяць пабудове сваёй краіны як дэмакратычнай, еўрапейскай, чуллівай да абароны правоў чалавека, нацыянальнай і інклюзіўнай, то-бок такой, якая захоўвае безумоўную павагу да нацыянальнай годнасці і спрыяе развіццю беларускай мовы і культуры, здымаючы штучныя абмежаванні і абыякавасць у дачыненні да ўласнай традыцыі, не прыніжаючы, аднак, іншыя народы і культуры, а паслядоўна далучаючы Беларусь да сусветнай спадчыны. Мы дбаем пра будучую беларускую дзяржаву, якая, у тым ліку праз нашы супольныя высілкі, мусіць стаць краінай высокага спажывання культуры, дзе большасць прагне далучацца да яе дзеля самаўдасканалення і развіцця, а грамадства мае быць пазбаўленым ксенафобіі і дыскрымінацыі ў дачыненні да любых груп насельніцтва, даючы належнае месца сваім выбітным дзеячам культуры і інтэлектуалам як тым, хто непасрэдна фарміруе вобраз будучыні і задае асноўныя трэнды грамадскага жыцця.
Мы бачым у беларускай інтэлектуальнай культуры адзін з галоўных рэсурсаў паспяховага развіцця дзяржавы і грамадства, лічым, што развіццё мыслення і грамадзянскага актывізму, у тым ліку беларусаў, якія апынуліся па-за межамі сваёй краіны, будзе спрыяць вобразу паспяховай нацыі і дасягненню значных мэт устойлівага развіцця. Мы прагнем бачыць у будучыні інтэлектуальную Беларусь і ўважаем за патрэбнае рушыць да гэтага ўжо сёння.
Мы імкнёмся да павелічэння прэстыжу беларускай культуры, росту бачнасці і значнасці кнігі, “што вучыць думаць”, спрыяючы паразуменню і ўзрастанню павагі да нацыянальнай ідэнтычнасці, ствараючы прастору, дзе кожны мае магчымасці для самарэалізацыі і творчага выяўлення ў бяспечным і спрыяльным асяроддзі. Наша мэта — максімальна садзейнічаць далучэнню да нацыянальнай і сусветнай культуры, павышаючы інтэлектуальны ўзровень аўдыторыі, дбаючы пра ўстойлівасць развіцця уласнай культуры і грамадства і ўзмацненне пачуцця гонару за сваё як вартае прадстаўляць Беларусь у вачах іншых нацый і культур.
З улікам таго, што кніга – гэта з’ява комплексная, якая ўвасабляецца ў культуры чытання, ілюстрацыях, дызайне, тэатральных пастаноўках і экранізацыях, інтэлектуальных медытацыях і забаўляльных інтэракцыях, мы імкнёмся спалучаць усе гэтыя жанры і формы культуры ў межах фестывальнага фармату, аддаючы належнае першаснай літаратурнай форме кнігі і развіваючы астатнія яе вымярэнні. Таму мы ладзім кніжныя выставы і праводзім конкурсы рукапісаў, ажыццяўляем тэатральныя і кінапаказы, праводзім конкурсы і выставы ілюстрацый, дбаем пра важныя інтэлектуальныя дыскусіі, а таксама даём прастору для кожнага і кожнай, хто жадае праз уласную творчасць узбагаціць культурны патэнцыял краіны.
Беларускі фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA адбыўся пяць разоў:
- 2018 – праходзіў з 27 па 31 траўня у прасторы ОК16 (Мінск, вул. Кастрычніцкая, 16);
- 2019 – праходзіў у Мінску, Брэсце, Полацку, Гродна, Гомелі і Бабруйску;
- 2020 – праходзіў у Мінску, Брэсце, Віцебску, Гродна і Бабруйску;
- 2022 – праходзіў у Варшаве, Вільні, Кракаве і Тбілісі, таксама была анлайн-праграма.
- 2023 – праходзіў у Варшаве, Вільні, Беластоку і Батумі, таксама была анлайн-праграма.